Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ларыса Шчыракова патрабуе дакумэнтальных доказаў свайго памілаваньня і прычын выдварэньня


Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

Журналістка Ларыса Шчыракова, якую датэрмінова вызвалілі з калёніі і прымусова вывезьлі ў Літву разам зь іншымі палітвязьнямі, зьвярнулася да генэральнага пракурора Беларусі і ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў.

Былая палітзьняволеная патрабуе, каб яе азнаёмілі з дакумэнтамі пра падставы вызваленьня і выгнаньня, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Калі я яшчэ была ў калёніі, то бачыла па тэлебачаньні, як раней вызвалялі іншых. Дзяўчатам зачытвалі, што яны памілаваныя, нейкая працэдура вытрымлівалася. А тут ніякай працэдуры не было, і я да канца ня ведаю, ці я памілаваная, ці не. У мяне няма пра гэта аніякіх дакумэнтаў, ніякай даведкі — хто я цяпер, ці магу вярнуцца ў Беларусь. Так не павінна быць, каб чалавека проста вывозілі ў невядомым напрамку», — кажа Ларыса Шчыракова, якая цяпер знаходзіцца ў Вільні.

Лісты ў беларускія дзяржаўныя структуры яна накіравала ў пісьмовым выглядзе. Для адказаў Ларыса Шчыракова падала свае адрасы ў Гомлі і ў Вільні.

  • Ларыса Шчыракова — журналістка з Гомля. Яе затрымалі ўвечары 6 сьнежня 2022 году пасьля ператрусу ў яе прыватным доме. Яе абвінавацілі паводле двух артыкулаў: «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361–4 КК РБ) і «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369–1 КК РБ) і асудзілі на 3,5 гады калёніі агульнага рэжыму.
  • 11 верасьня 2025 году стала вядома, што Ларыса Шчыракова сярод вызваленых з дапамогай ЗША палітвязьняў. Афіцыйна ўказ пра памілаваньне тады не публікаваўся, аднак прэс-служба Лукашэнкі называла гэта менавіта памілаваньнем. Напрыклад, 11 верасьня прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант у размове з расейскай інфармацыйнай агенцыяй ТАСС гаварыла пра «памілаваньне 52 чалавек».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG