Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 лістапада: палітвязьня Віталя Каваленку асудзілі на 3 гады калёніі ў «справе Гаюна»

абноўлена

Віталь Каваленка, архіўнае фота
Віталь Каваленка, архіўнае фота

Жыхара Ельску прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Гомельскі абласны суд прызначыў палітвязьню 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, піша «Гомельская вясна».

Віталя Каваленку затрымалі сёлета 13 траўня. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Віталя перасьледуюць у гучнай «справе Гаюна».

У пачатку лютага 2025 году тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што бот каналу, у які людзі слалі інфармацыю пра перасоўваньне расейскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, узламалі. Пасьля гэтага па ўсёй Беларусі пачаліся масавыя затрыманьні.

«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 124 пацьверджаных фігурантаў «справы Гаюна», якіх зьмясьцілі пад варту. Агулам затрыманых можа быць значна больш. Затрыманьні адбываюцца па ўсёй Беларусі дагэтуль. Таксама вядома, што некаторых затрыманых адпускаюць да суду пад заклад.

У Беларусі штодзень адбываюцца суды ў гэтай справе, сыгналізуюць праваабаронцы. Фігурантам прысуджаюць як «хімію» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову, так і калёнію. Справы некаторых людзей перадаюць зь Менску ў рэгіянальныя суды.

Навукоўца зь Менску засудзілі ў Гомлі за рэалізацыю права на свабоду выказваньня меркаваньняў

28 лістапада праваабаронцы даведаліся, што 32-гадовага менчука Аляксандра Русаковіча прызналі вінаватым у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і «абразе Лукашэнкі». Які вырак агучыў Гомельскі абласны суд, дакладна невядома, але найхутчэй — абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»), піша «Гомельская Вясна».

Аляксандар Русаковіч — кандыдат эканамічных навук і дацэнт. Ён быў загадчыкам сэктару каапэрацыі ў Інстытуце сыстэмных дасьледаваньняў у АПК Акадэміі навук. А таксама выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце.

Праваабаронцы не выключаюць, што абвінавачваньне магло быць зьвязаным з справай маніторынгавага каналу «Беларускі Гаюн».

Былога сілавіка асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

Напачатку лістапада на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію») асудзілі Алега Гурына — былога работніка сілавых ведамстваў. Яго пакаралі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». 21 лістапада ўлады ўнесьлі яго ў «экстрэмісцкі сьпіс». («Вясна»)

У «сьпіс тэрарыстаў» КДБ дадаў яшчэ трох чалавек

  1. Аляксандар Ваўчок,
  2. Валеры Грыгоніс,
  3. Уладзімір Кушнер.

Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1397 чалавек, зь іх 658 — беларусы («Вясна»).

Інтэрнэт-радыё «Radio Plato» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Адпаведнае рашэньне было прынятае КДБ 20 лістапада — апублікавалі яго толькі сёньня.

У апісаньні праекту пазначана, што «Radio Plato — гэта незалежнае інтэрнэт-радыё зь Менску».

«Мы пішам пра мясцовую музычную сцэну, вядзем перадачы і публікуем падкасты. Гэта тое, што мы робім, каб умацаваць супольнасьць і папулярызаваць яе ва ўсім сьвеце». («Вясна»)

КДБ таксама дадаў сьпіс датычных да праекту.

  1. Раман Балбуцкі
  2. Дзяніс Бярозавік
  3. Аляксандар Карняйчук
  4. Павел Кірпікаў
  5. Філіп Купрыяновіч
  6. Аляксей Лабуновіч
  7. Ягор Пуйша
  8. Аляксандар Рынкевіч
  9. Андрэй Шынкароў

У «Сьпіс экстрэмістаў» дадалі больш за дваццаць чалавек — агулам іх ужо 6042

28 лістапада МУС зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленьне «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», паведаміла «Вясна».

  1. Сяргей Бай, 27 гадоў
  2. Ілья Бакіноўскі, 41 год
  3. Натальля Гірс, 61 год
  4. Аляксандра Дуброўская, 37 гадоў
  5. Дзьмітры Едчык, 40 гадоў
  6. Яўген Іванчык, 26 гадоў
  7. Сяргей Казлоў, 28 гадоў
  8. Дзьмітры Карасёў, 30 гадоў
  9. Дзьмітры Касенка, 35 гадоў
  10. Аляксей Кердаль, 34 гады
  11. Аляксей Краўцоў, 38 гадоў
  12. Пётар Лапо, 46 гадоў
  13. Вадзім Мельнічук, 37 гадоў
  14. Юлія Папкова, 32 гады
  15. Дзяніс Раманенка, 46 гадоў
  16. Аляксандар Русаковіч, 32 гады
  17. Сяргей Сапуноў, 37 гадоў
  18. Марына Храмцова, 41 год
  19. Раман Юркоў, 35 гадоў
  20. Аляксей Ягела, 41 год
  21. Уладзімір Янкоўскі, 53 гады
  22. Маргарыта Ясевіч, 29 гадоў

Камітэт па правах чалавека ААН запатрабаваў кампэнсаваць 16 заяўнікам штрафы за сьцягі ў вокнах

Камітэт па правах чалавека ААН вынес разгледзеў 16 заяў беларусаў, якія паскардзіліся на штрафы за вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў на сваіх вокнах. Юрыдычна Беларусь цяпер абавязаная кампэнсаваць ім штрафы, якія яны заплацілі, а таксама ўсе іхныя судовыя выдаткі.

Хоць Беларусь у лютым 2023 году дэнансавала пратакол, які дазваляў падаваць індывідуальныя звароты супраць беларускай дзяржавы, гэтыя 16 заяў былі пададзеныя раней, а значыць рашэньне мае юрыдычную моц. («Вясна»)

Над памілаваным ксяндзом Акалатовічам прызначылі новы суд

Мінула больш за тыдзень пасьля вызваленьня з-за кратаў беларускіх каталіцкіх сьвятароў ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча. Абодва яны застаюцца ў Ватыкане, паведаміў katolik.life.

Афіцыйнай інфармацыі пра іх пакуль няма, як і сувязі зь імі.

Тым часам вернікі даведаліся, што над ксяндзом Акалатовічам прызначылі новы суд у Беларусі. Гэтым разам — па забароне выезду за мяжу. Такая грамадзянская справа зьявілася ў раскладзе суда Баранавіцкага раёна на 2 сьнежня.

Падставай для гэтага абмежаваньня стаў велізарны доўг — па абвінавачваньні ў «здрадзе дзяржаве» акрамя пазбаўленьня волі на 11 гадоў суд пастанавіў спагнаць з Акалатовіча 1,7 мільёна рублёў.

Кватэру палітвязьня, які хадзіў на мноства судоў, прадалі з аўкцыёну ў Берасьці

28 лістапада цэлы дзень двое асобаў гандляваліся на аўкцыёне за кватэру палітвязьня Віталя Чопіка. Урэшце адзін зь іх купіў яе за 112 270 рублёў. Віталь Чопік адбывае 7-гадовы тэрмін у палітычнай справе — за тое, што хадзіў на «палітычныя» суды. Дадаткова суд пакараў яго штрафам у 40 тысяч рублёў, празь які і прадалі ягоную кватэру, пішуць праваабаронцы «Берасьцейскай Вясны».

У Гомлі за «садзейнічаньне экстрэмізму» зьняволілі хрысьціянскага прапаведніка

Імаверна, перасьлед зьвязаны са «справай Гаюна».

У Гомельскім абласным судзе 41-гадовага Аляксея Ягела пакаралі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» пазбаўленьнем волі — дакладны прысуд праваабаронцам невядомы. Аляксей Ягела вядомы як эвангельскі прапаведнік і прыхільнік здаровага ладу жыцьця. Летась абласная дзяржаўная газэта пісала пра ягоны спосаб адмовы ад паленьня, паведаміла «Гомельская Вясна».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG