Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі не зарэгістравалі перавышэньня радыяцыйнага фону пасьля пажару на Ігналінскай АЭС


Ігналінская АЭС
Ігналінская АЭС

Пасьля здарэньня на Ігналінскай атамнай электрастанцыі не было перавышэньня кантрольных узроўняў радыяцыйнага фону на тэрыторыі Беларусі, паведаміла 27 лістапада Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі.

Ведамства «запытала зьвесткі аб надзвычайнай сытуацыі на аб’екце ядзернай энэргетыкі для прыняцьця вычарпальных захадаў бясьпекі».

Раней Дэпартамэнт пажарнай бясьпекі і ратавальных апэрацыяў пры Міністэрстве ўнутраных справаў Літвы паведаміў, што на тэрыторыі закрытай Ігналінскай АЭС 25 лістапада здарыўся пажар. Ён успыхнуў у «адным з будынкаў найменш высокай катэгорыі небясьпекі».

З будынку эвакуавалі 9 чалавек, пацярпелых няма. Пажар зьлякалізавалі, а затым зьліквідавалі.

«Радыяцыйнай небясьпекі для насельніцтва не зафіксавана. На месцы ўжо праведзеныя вымярэньні радыяцыйнага фону, вынікі не перавышаюць устаноўленых нормаў. Інцыдэнт не ўплывае на радыяцыйную бясьпеку, таму ў насельніцтва няма падставаў турбавацца», — гаварылася ў паведамленьні, якое цытуе агенцтва «Позірк».

У ведамстве заявілі, што далейшыя праверкі зьменаў радыяцыйнага фону на тэрыторыі АЭС будуць працягнутыя, дадаткова будзе праверана абсталяваньне пажарных і ратаўнікоў, якія працавалі на месцы здарэньня.

У той жа дзень Дзяржаўная інспэкцыя бясьпекі атамнай энэргетыкі Літвы (VATESI) пацьвердзіла атрыманьне ад кампаніі, што кіруе АЭС, інфармацыі пра пажар. Як высьветлілася, ён здарыўся «ў комплексе абыходжаньня з радыяактыўнымі адыходамі».

«Кампанія паведаміла, што сытуацыю ўзялі пад кантроль, пажар патушылі, у часе інцыдэнту ніхто не пацярпеў, радыяцыйнай шкоды для работнікаў, насельніцтва і навакольнага асяродзьдзя няма».

Ігналінская АЭС была ў эксплюатацыі 26 гадоў — з 31 сьнежня 1983 году па 31 сьнежня 2009-га. Яна месьціцца ля возера Дрысьвяты, якое падзяляе Літву і Беларусь.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG