Пад сядзеньнямі, на прыборнай панэлі, у адсеках для дзьвярэй, у скрыні для інструмэнтаў і ў сумцы для дакумэнтаў супрацоўнікі знайшлі 24 закамянеласьці, піша мытня.
Кіроўца не паведаміў пра іх перад аглядам. Пазьней ён растлумачыў, што набыў гэтыя рэчы ў краме ў Берасьці ў якасьці падарункаў сябрам.
Але затым прыйшлі экспэртныя высновы, аналіз зрабілі на просьбу начальніка Люблінскай мытні і падатковай управы. Экспэртызу зрабілі супрацоўнікі Дзяржаўнага геалягічнага інстытуту Польшчы.
Адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што беларус кантрабандай правозіў незвычайныя асобнікі. Сярод выяўленых закамянеласьцяў былі восем трылабітаў, 11 зубоў акулы і чатыры надзвычай каштоўныя закамянеласьці прадстаўнікоў эдыякарскай фаўны. Большасьць экспанатаў былі добра захаваныя і падрыхтаваныя.
Эдыякарская фаўна — адзін з найстарэйшых жывых арганізмаў на Зямлі. Асобнікі, знойдзеныя ў Тэрэспалі, паходзяць з так званага «беламорскага выкапнёвага комплексу», які належыць да горнай фармацыі, што датуецца 558-555 мільёнамі гадоў таму (позьні пратэразой — эдыякарыйскі пэрыяд). Гэты раён знаходзіцца ў радыюсе прыблізна 100 км ад Архангельску.
Экспэрт ацаніў усю калекцыю больш чым у 27 000 злотых (звыш 25 тысяч рублёў). Асобнікі маюць у першую чаргу значную навуковую, адукацыйную і выставачную каштоўнасьць, асабліва тыя, што адносяцца да эдыякарыйскай фаўны.
Крымінальную справу супраць грамадзяніна Беларусі вядуць Люблінская мытня і падатковая інспэкцыя ў Бялай Падлясцы.
Форум