Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Польшчы: 29% беларусаў працягваюць адпраўляць грошы на радзіму


Замкавая плошча ў Варшаве, ілюстрацыйнае фота
Замкавая плошча ў Варшаве, ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны банк Польшчы выдаў справаздачу аб эканамічным становішчы мігрантаў зь Беларусі ў 2025 годзе. Разглядаюцца людзі, якія пераехалі ў краіну за апошнія гады.

З справаздачы вынікае, што большасьць беларусаў — 56% — выехалі з сваёй краіны праз палітычны чыньнік, і толькі 32% — з эканамічных прычынаў.

Больш за 80% беларускіх мігрантаў складаюць людзі да 44 год з вышэйшай адукацыяй.

29% працягваюць адпраўляць грошы на радзіму. Лічба зьменшылася, бо год таму такіх было 33%. Часьцей за ўсё — раз на 2-3 месяцы. Палова пераказаў не перавышае 1 тысячы злотых. Згодна зь цяперашнім курсам, гэта складае 935 беларускіх рублёў.

64% беларусаў у Польшчы працаўладкаваныя, 14% адкрылі свой бізнэс. 17% занятыя ў ІТ — гэта самая высокааплатная група, тут палова атрымлівае больш за 10 тысяч злотых нэта (больш за 9355 рублёў).

Да 80% месячнага даходу беларусы трацяць на бягучыя выдаткі. Толькі 15% жывуць «ад заробку да заробку», выдаткоўваючы амаль усё. У сярэднім заробак складае 93% усіх даходаў беларусаў у Польшчы, астатняе даюць выплаты дапамогаў ці дробныя дадатковыя крыніцы.

Справаздача грунтуецца на апытаньнях з анкетаў.

Сярод беларускіх імігрантаў у Польшчы 28% чалавек складаюць асобы, у якіх ёсьць Карта паляка або ўжо польскае грамадзянства.

Амаль 47% беларусаў жывуць у Польшчы з жонкай ці мужам. Каля 25% маюць дзяцей.

Цэлыя 42% работнікаў галіны ІТ зь беларускім пашпартам адзначылі, што слаба ведаюць польскую мову.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG