Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень Герояў у гонар пачатку баёў Слуцкага збройнага чыну


Падзеі 27 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Даты дня

27 лістапада беларусы неафіцыйна адзначаюць Дзень Герояў у гонар пачатку Слуцкага збройнага чыну. 26 і 27 лістапада 1920 году прайшлі першыя баі паміж беларускімі і савецкімі войскамі.

27 лістапада 1874 году ў Моталі, цяпер у Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці, нарадзіўся Хаiм Вайцман, першы прэзыдэнт Ізраілю.

Хаім Вайцман
Хаім Вайцман

Хаім нарадзіўся ў сям’і службоўца, які арганізоўваў сплаў лесу, і быў у бацькоў трэцім дзіцем з 15. Сям’я пазьней пераехала ў Пінск, дзе Хаім Вайцман скончыў Пінскую рэальную вучэльню. Пасьля вучыўся ў Нямеччыне, выкладаў у Жэнэве і Манчэстэры. Урэшце ўзначаліў Усясьветную сіянісцкую арганізацыю, стаў на чале нацыянальнага габрэйскага руху ў Палестыне, прадстаўляў пазыцыю сіянісцкай арганізацыі ў ААН перад прыняцьцем рэзалюцыі пра падзел Палестыны.

У 1949 годзе быў выбраны прэзыдэнтам Ізраілю, прабыў на пасадзе да сьмерці ў першы год другога тэрміну прэзыдэнцтва.


Гэты дзень у гісторыі

1095 — папа Урбан II абвясьціў Сьвятую вайну супраць ісламу на Сьвятой зямлі, што стала пачаткам Першага крыжовага паходу.

1812 — бой на Бярэзіне паміж расейскімі і францускімі войскамі падчас паходу Напалеона на Расею.

1815 — расейскі імпэратар Аляксандар I даў Канстытуцыю Царству Польскаму.

1859 — у Менску была адкрытая паштова-тэлеграфная станцыя.

1895 — Альфрэд Нобэль падпісаў свой тэстамэнт, паводле якога ягоная спадчына паступіла ў фонд Нобэлеўскай прэміі.

Мэдаль Нобэлеўскай прэміі
Мэдаль Нобэлеўскай прэміі

1996 — Аляксандр Лукашэнка загадаў спыніць дзейнасьць Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня.

1996 — з тэрыторыі Беларусі выведзены апошні эшалён зь ядзернымі ракетамі РС-12М «Топаль».

У гэты дзень нарадзіліся

1669 — нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл, канцлер ВКЛ.

1701 — Андэрс Цэльсіюс, швэдзкі астраном, геоляг і мэтэароляг, вынаходнік тэмпэратурнай шкалы, якая носіць яго імя.

1867 — Іван Жалтоўскі, беларускі архітэктар, акадэмік.

1900 — Рыгор Пукст, беларускі кампазытар, хормайстар.

1900 — Вячаслаў Лаўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, старшыня Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў (АБСА), сакратар Рады БНР, ахвяра сталінізму.

1903 — Піліп Пестрак, беларускі паэт, празаік, публіцыст, крытык.

Максім Танк, Пімен Панчанка, Піліп Пестрак на ІІ зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў СССР. Масква, 1954 год
Максім Танк, Пімен Панчанка, Піліп Пестрак на ІІ зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў СССР. Масква, 1954 год

1921 — Уладзімер Тарасевіч, беларускі ўніяцкі біскуп, манах-бэнэдыктынец, доктар тэалёгіі.

1929 — Норбэрт Рандаў, нямецкі славіст, беларусазнавец, перакладнік і выдавец.

1938 — Зоя Літвінава, беларуская мастачка.

1947 — Эдуард Белагураў, беларускі мастак.

1947 — Анатоль Цітоў, беларускі гісторык, геральдык.

Анатоль Цітоў
Анатоль Цітоў

1953 — Барыс Грабеншчыкоў, расейскі паэт і музыка.

У памяці

1895 — Аляксандар Дзюма-сын, францускі пісьменьнік.

1932 — Дамінік Сямашка, польскі, беларускі і літоўскі палітычны дзяяч. Выступаў за аднаўленьне ВКЛ у межах 1772 году з значнай аўтаноміяй для беларусаў.

1938 — у Менску расстраляны Сымон Рак-Міхайлоўскі, пэдагог, публіцыст, палітык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст. і нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, вязень польскіх турмаў, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў. Аўтар музыкі да вершу Максіма Багдановіча «Зорка Вэнэра».

1973 — Мікола Дэмух, удзельнік паваеннага збройнага антысавецкага Супраціву 1940-х, вязень савецкіх турмаў.

1990 — Восіп Любіч, францускі мастак беларускага паходжаньня.

2021 — ад наступстваў каранавірусу памёр Раман Якаўлеўскі, беларускі журналіст, палітычны аналітык.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG