Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вальфовіч сустракаўся з кіроўцамі літоўскіх фураў, каб патлумачыць, хто вінаваты ў сытуацыі на мяжы

абноўлена

Літоўскія грузавікі на стаянцы ў пункце пропуску Беняконі. Ілюстрацыйнае фота
Літоўскія грузавікі на стаянцы ў пункце пропуску Беняконі. Ілюстрацыйнае фота

Тым часам міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў, будучы ў Маскве, рэзка выказаўся на адрас літоўскіх уладаў, а потым зноў ім прапанаваў правесьці палітычныя перамовы.

Аляксандар Лукашэнка накіроўваў дзяржаўнага сакратара Савету Бясьпекі Беларусі Аляксандра Вальфовіча на сустрэчу з кіроўцамі літоўскіх грузавікоў, якія, нягледзячы на адкрыцьцё ўрадам Літвы двух пераходаў на мяжы, ня могуць выехаць з тэрыторыі Беларусі.

«Трэба было патлумачыць людзям, што адбываецца, як адбываецца, хто каму вінен ўрэшце рэшт. Я мяркую, вы гэта зрабілі», — працытаваў Лукашэнку Telegram-канал «Пул первого», зьвязаны зь ягонай прэсавай службай.

Лукашэнка дадаў, што кіроўцы і лягістычныя кампаніі не вінаватыя ў сытуацыі.

«Гэта глупства было на палітычным узроўні», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, літоўскія ўлады нібыта ня хочуць прызнаваць сваёй віны і «будуць ссоўваць градус у бок гэтых вялікагрузаў, будуць падштурхоўваць кіроўцаў да таго, каб яны займалі пэўную пазыцыю, у тым ліку палітычную».

Таксама Вальфовіч расказаў Лукашэнку аб сваёй сустрэчы з кіроўцамі літоўскіх грузавікоў. Заяўлена, што ў Беларусі 1818 літоўскіх грузавікоў. На сустрэчы Вальфовіча з Лукашэнкам прапанавалі вырашыць усе пытаньні на перамовах паміж літоўскім і беларускім МЗС.

Пазыцыя МЗС Беларусі

Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў, які 25 лістапада знаходзіцца зь візытам у Маскве, зноў назваў пазыцыю ўладаў Літвы стасоўна становішча на мяжы «сытуацыйнай, эмацыйна нястрыманай і ў нейкай ступені нават гістэрычнай», а таксама прадыктаванай з Брусэлю і Вашынгтону. У той жа час ён заявіў, што беларускі бок настойвае на перамовах на палітычным узроўні, каб канчаткова ўрэгуляваць «усе праблемныя пытаньні на мяжы».

Гэтаму папярэднічала заява прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы аб тым, што Беларусь паводзіць сябе тэрарыстычна:

«Цяпер шмат крытыкаў, якія гавораць, што ўрад нясе адказнасьць. Так, з гэтым можна пагадзіцца, але, крытыкуючы, трэба гаварыць, што мы маглі б зрабіць лепш, у той час як у істоце праблему стварае, не пабаюся гэтага сказаць, дзяржава, што знаходзіцца побач і паводзіцца тэрарыстычна. Мы адкрылі мяжу, спадзеючыся на добразычлівасьць зь беларускага боку, але пакуль яе ня ўбачылі», — працытавала Наўседу выданьне Delfi.lt 25 лістапада.

24 лістапада Літва выказала Беларусі пратэст у сувязі з новымі парушэньнямі літоўскай паветранай прасторы кантрабандысцкімі мэтэазондамі. У той жа дзень кіраўніца літоўскага ўраду Інга Ругінене ня выключыла магчымасьці паўторнага закрыцьця памежных пераходаў з Беларусьсю пасьля новых інцыдэнтаў з закрыцьцём Віленскага аэрапорту ўвечары 23-га і ў ноч на 24 лістапада праз новыя прылёты кантрабандных балёнаў.

На мінулым тыдні ўрад Літвы прыняў рашэньне адкрыць мяжу зь Беларусьсю на 10 дзён раней за плянаваны тэрмін.

Рашэньне прынялі пасьля тэхнічных перамоваў зь Беларусьсю і пэўнага паляпшэньня сытуацыі з кантрабандай паветранымі балёнамі.

У канцы кастрычніка Вільня закрыла пункты пропуску Меднікі (зь беларускага боку Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Менску на масавыя прылёты зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай, якія, сярод іншага, перашкаджалі цывільнай авіяцыі Літвы.

Памежныя пераходы аднавілі працу апоўначы 20 лістапада (а 1:00 менскага часу). За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі пасьпеў узмацніць жорсткасьць правілаў знаходжаньня ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску.

У Беларусі затрымалася каля 1,3 тысячы зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія ня могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы. Менск пры гэтым дамагаецца кантактаў зь Вільняй на палітыка-дыпляматычным узроўні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG