Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З маладых самбістаў рабілі літару Z». Гісторыя чэмпіёна сьвету ў самба зь Беларусі, які адкрыў свой клюб у Польшчы


Сьцяпан Папоў
Сьцяпан Папоў

Чэмпіён сьвету ў самба Сьцяпан Папоў адкрыў клюб у Польшчы. Ён там вучыць уласнаму варыянту барацьбы, каб дыстанцыявацца ад самба, якое асацыююць з Расеяй. Ганаровым госьцем новага клюбу ўжо стаў паэт Уладзімер Някляеў.

Зь пяці гадоў у самба

Сьцяпан шпарка гаворыць па-беларуску. Голас у яго мяккі і прыцішаны. Ужывае формы «ходзя», «робя», «будзя», характэрныя для сярэднебеларускіх гаворак. Хоць Сьцяпан правёў дзяцінства на поўначы Беларусі, у Лепелі. Пазьней вучыўся ў Наваполацку, працягваў адукацыю ў Менску.

Суразмоўца расказвае, што вырас у сям’і спартоўцаў. Ягоны бацька быў трэнэрам самба і дзюдо, шмат зрабіў для разьвіцьця гэтага спорту ў Беларусі. Сьцяпан быў з бацькамі на трэнаваньнях, сам пачаў займацца самба зь пяці гадоў. Стаў чэмпіёнам сьвету ў 29 гадоў на чэмпіянаце ў Санкт-Пецярбургу. Шмат удзельнічаў і займаў прызавыя месцы ў міжнародных спаборніцтвах у самба, якія праходзілі ў Расеі.

Сьцяпан Папоў
Сьцяпан Папоў

У жніўні 2020 году ён ініцыяваў і падпісаў «Ліст свабодных спартоўцаў». У канцы таго ж году Сьцяпана звольнілі з Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі». У 2021 годзе Папоў зьехаў зь Беларусі ў адпачынак, маючы зваротны квіток, але вырашыў не вяртацца на радзіму, бо яго сталі шукаць міліцыянты, затрымалі ягонага паплечніка спартоўца Васіля Хамутоўскага. Папоў жыў паўгоду ў Турэччыне, потым ва Ўкраіне, цяпер жыве ў Польшчы разам зь сям’ёй. У эміграцыі працаваў таксоўцам. Цяпер Папову 41 год.

У 2023 годзе брата і бацькоў Папова арыштавалі ў Беларусі за палітыку на 10 дзён, а потым звольнілі з працы.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ён стаў дыстанцыявацца ад самба як «нацыянальнага расейскага віду спорту», распрацаваў з паплечнікамі іншы від барацьбы, падобны да самба.

«З маладых самбістаў рабілі літару Z»

Сёлета ўвосень Сьцяпан Папоў адкрыў свой клюб у Польшчы, ва Ўроцлаве. Ён выкладае там мадэрнізаваны варыянт самба — FreeSambo (свабоднае самба), або FreeSambo Combat Fighting System (сыстэма свабоднай баявой барацьбы).

Гэты від спорту ён распрацаваў разам з украінскім спартоўцам Іванам Васільчуком, каб дыстанцыявацца ад Расеі. Сьцяпан тлумачыць, што самба ў Расеі лічаць нацыянальным відам спорту і яно заўсёды было пад моцным расейскім уплывам. Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну многія спартоўцы ня хочуць мець дачыненьне да віду спорту, які асацыююць з Расеяй.

«Пасьля 2022 году самбісты і спартовыя чыноўнікі сталі выкарыстоўваць самба для прапаганды вайны, з маладых самбістаў рабілі літару Z, подпісы за Пуціна ставілі… Самба залежыць ад расейскіх грошай. Як толькі Расея аслабне, ня будзе самба», — тлумачыць спартовец.

На фэстывалі Братэрства Свабоды ва Ўроцлаве, 2025 год
На фэстывалі Братэрства Свабоды ва Ўроцлаве, 2025 год

Папоў і пасьля 2022 году час ад часу камунікаваў з расейскімі спартоўцамі. Паводле ягоных назіраньняў, яны збольшага падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне, больш засяроджаныя на сабе — адрозна ад беларусаў, якія больш гатовыя дапамагаць, дзяліцца, крэатыўныя і працавітыя.

FreeSambo, з словаў Папова, у адрозьненьне ад звычайнага варыянту самба, больш даступнае для аматараў. Ім можна авалодаць за некалькі месяцаў, неканечне рыхтавацца зь дзяцінства. Ягоны варыянт самба дазваляе атрымліваць менш траўмаў, бо іначай налічваюцца балы. У FreeSambo пачаткоўцам забаронена біць ляжачага, біць галавой, локцем, каленам, біць у пахвіну.

«У самба савецкі падыход. Ёсьць лаўка запасных. Шмат дзяцей, якіх адразу кідаюць у „мясарубку“, сьлёзы, кроў, пот. У групах больш траўмаў. Тут мякчэйшы падыход, ходзяць двойчы на тыдзень, больш пэрсанальных трэнаваньняў», — тлумачыць розьніцу трэнэр.

Сьцяпан з паплечнікам распрацавалі сыстэму правілаў, паясоў і ўжо праводзілі спаборніцтвы ў новым відзе спорту. Хочуць зарэгістраваць у Польшчы фэдэрацыю FreeSambo. Цяпер разьвіцьцём FreeSambo займаецца каманда з сямі чалавек, беларусаў і ўкраінцаў. Папоў падкрэсьлівае, што гэта не палітычны, а маральны акт.

Суразмоўца расказвае, што, прыкладам, каб атрымаць першы пояс у FreeSambo, трэба перадусім навучыцца падаць, а таксама куляцца, стаяць на мосьце, падцягвацца, скакаць на скакалцы, выконваць простыя кідкі. Афіцыйна клюб яшчэ не адкрыўся, але пэрсанальныя трэнаваньні з восені там ужо ідуць. Цяпер набіраюць групы.

Сьцяпан кажа, што навыкі самба даюць яму ўпэўненасьць у штодзённым жыцьці. Хоць ён ня надта часта карыстаецца імі, бо на яго рэдка нападаюць. У Польшчы канфліктаў у яго не здаралася.

«Барацьба — гэта больш бясьпечны спосаб прыструніць злодзея. Прафэсійны спорт як зброя. Калі ты маеш спартовы разрад і камусьці на вуліцы нашкодзіў, у Беларусі лічыцца, што быццам ты зброю ўжыў», — заўважае Сьцяпан.

«Някляеў прыйшоў, пачаў падцягвацца»

У клюб некалькі разоў прыходзіў паэт і палітык Уладзімер Някляеў. Сьцяпан кажа, што яны былі раней знаёмыя празь беларускую супольнасьць ва Ўроцлаве. Някляеў падарыў Папову кнігу з аўтографам, а спартовец паэту — фірмовую саколку для трэнаваньняў.

«А потым ён мне скідвае верш пра лазьню і пытаецца, дзе тут лазьня на дровах ёсьць. А я акурат з украінцамі і беларусамі ў гэтую лазьню іду праз тыдзень. Я яго запрасіў таксама. Ён з намі паехаў. Хлопцы пыталі: а яму ў 80 гадоў хоць можна ў лазьню? Дык ён у лазьні зь венікам быў даўжэй, чым мы ўсе разам узятыя. Усе зьдзівіліся, які ён крэпкі», — усьміхаецца спартовец.

З украінскімі спартоўцамі
З украінскімі спартоўцамі

Папоў кажа, што ў спартовую залю Някляеў прыходзіць сапраўды трэнавацца.

«Я яму кажу: асьцярожна, без напружаньня, больш працуйце на рукі. Ён прыйшоў, пачаў падцягвацца. Я яму сказаў, што ён заўсёды можа прыяжджаць. Маем месца, дзе ёсьць гумы, гіркі, бліны, мячы набіўныя, каб ён займаўся, практыкаваньні буду яму паказваць. Маем клюбныя карткі. Я яму выпісаў, каб ён ведаў, што ён заўсёды ў клюбе ганаровы госьць. Напісаў яму для матывацыі: „Да вольнай Беларусі!“», — расказвае трэнэр.

Сьцяпан дадае, што ня будзе браць грошай з такіх людзей, як Някляеў, які шмат зрабіў для Беларусі. Таксама ідзе насустрач спартоўцам, якія часова ня могуць аплочваць трэнаваньні, але паказваюць добрыя вынікі, і запрашае займацца бясплатна. Так, кажа, да яго ходзіць трэнавацца бясплатна хлопец зь Беларусі, які стаў чэмпіёнам Польшчы. Хоць пры запуску новага бізнэсу, адзначае суразмоўца, пытаньне грошай і для яго самога стаіць востра, асабліва пакуль яшчэ не набраліся групы дзяцей і дарослых.

«Стыпэндыя ў Беларусі была меншай, чым я плачу за арэнду кватэры»

Для адкрыцьця клюбу спатрэбіліся «немалыя грошы». Сьцяпан ня можа, паводле дамоўленасьцяў, называць канкрэтную суму, але кажа, што гэта больш за 10 тысяч эўра. Асноўныя траты пайшлі на абшыўку сьцен залі, каб у ёй было бясьпечна трэнавацца, а таксама на спартовы рыштунак, на штомесячную арэнду. Яшчэ ня ўсе неабходныя трэнажэры набылі.

Сьцяпан тлумачыць, што хоць ён і чэмпіён сьвету, але спорт у Беларусі вялікіх грошай не прыносіў. У апошні месяц на радзіме ён атрымліваў стыпэндыю за другое месца на чэмпіянаце сьвету.

«Гэта менш, чым я плачу тут (у Польшчы. — РС) за арэнду кватэры: 600–700 даляраў», — адзначае суразмоўца.

Ён кажа, што «прэзыдэнцкая стыпэндыя», якую ён атрымліваў у Беларусі, да 2013 году была большай — 2,5–3 тысячы даляраў, а потым яе «абрэзалі». Бывалі большыя разавыя выплаты: тры тысячы даляраў за перамогу ў чэмпіянаце сьвету, пяць тысяч даляраў на Эўрапейскіх гульнях. Аднак каб утрымліваць сябе, ён шукаў дадатковыя да спорту падпрацоўкі: у лягістыцы, у продажах. У Польшчы працаваў у таксі, каб зарабіць на жыцьцё.

«Самае галоўнае не стаміцца настолькі, каб не было энэргіі ісьці да людзей», — мяркуе Сьцяпан.

«Я быў гатовы скончыць спартовую кар’еру»

Сьцяпан Папоў ініцыяваў «Ліст свабодных спартоўцаў» супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту ў 2020 годзе, ён жа стварыў чат свабодных спартоўцаў.

Сьцяпан Папоў з тагачасным прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам і беларускай плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй
Сьцяпан Папоў з тагачасным прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам і беларускай плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй

«Калі я ствараў чат, я разумеў, што гэта крок, пасьля якога зваротнага шляху ня будзе. Я разумеў, што залажу настолькі глыбока, што трэба быць гатовым скончыць спартовую кар’еру, што забяруць грошы. Так і атрымлівалася крок за крокам. Спачатку пагрозы, потым адабралі „прэзыдэнцкую стыпэндыю“, потым прыйшлі запужваць мяне, у тым ліку намесьнік міністра спорту», — успамінае ён.

Сьцяпан не выключае, што можа ў будучыні паехаць у Беларусь, але толькі калі туды прыйдуць дэмакратычныя зьмены, калі там будзе панаваць закон. Спадзяецца, што на разьвіцьцё спорту ў вольнай Беларусі будуць уплываць прафэсіяналы, а не прыстасаванцы.

«У мяне рэфармісцкі падыход. Нешта паспрабаваць зьмяніць, разьвіць беларускасьць, каб мы тут (за мяжой. — РС) не губляліся, каб беларусы тут разумелі, што нашая радзіма — гэта Беларусь. Бо зьмены — гэта ня так, як мы ўяўлялі ў 2020 годзе, што калі я тут выступлю, то буду кіраваць тымі, хто супраць зьменаў. Я хачу тую краіну, дзе не „кіруюць“, а займаюцца мэнэджмэнтам прафэсіяналы з досьведам», — разважае ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG