Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыі ЗША і Ўкраіны ўзгаднілі «мірны плян». Цяпер яго мусяць зацьвердзіць кіраўнікі дзяржаваў


Дэлегацыі Ўкраіны і ЗША на перамовах у місіі ЗША ў Жэнэве (Швайцарыя), 23 лістапада 2025 году
Дэлегацыі Ўкраіны і ЗША на перамовах у місіі ЗША ў Жэнэве (Швайцарыя), 23 лістапада 2025 году

Перамовы паміж украінскай і амэрыканскай дэлегацыямі ў Жэневе 23 лістапада адзначылі «істотны прагрэс» у пытаньні спыненьня вайны Расеі ва Ўкраіне і прывялі да падрыхтоўкі «абноўленага і ўдасканаленага» апорнага дакумэнту аб міры.

Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода з спасылкай на офіс прэзыдэнта Ўкраіны і Белы дом, абодва бакі прызналі кансультацыі вельмі плённымі.

«Дыскусіі прадэманстравалі значны прагрэс ва ўзгадненьні пазыцый і вызначэньні выразных наступных крокаў. Бакі пацьвердзілі, што якая-кольвек будучая дамова павінна цалкам паважаць сувэрэнітэт Украіны і забясьпечваць устойлівы і справядлівы мір», — адзначаецца ў заяве.

Бакі таксама заявілі, што дамовіліся працягнуць «інтэнсіўную працу над супольнымі прапановамі» неўзабаве. Яны таксама будуць падтрымліваць «шчыльны кантакт» з эўрапейскімі партнэрамі.

«Канчатковыя рашэньні аб гэтым апорным дакумэнце павінны ўхваліць прэзыдэнты Ўкраіны і ЗША. Абодва бакі пацьвердзілі гатоўнасьць працягваць супольную працу дзеля дасягненьня міру, які гарантуе Ўкраіне бясьпеку, стабільнасьць і аднаўленьне», — гаворыцца ў заяве.

У заяве не ўдакладняецца, якія зьмены ўнесеныя ў раней апублікаваны мірны плян з 28 пунктаў, прапанаваны адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і раскрытыкаваны прыхільнікамі Кіева як занадта дружалюбны да Расеі.

Сам Трамп пакуль не пракамэнтаваў сытуацыю.

20 лістапада стала вядома, што ЗША ў новым праекце прапановаў аб спыненьні вайны ва Ўкраіне заклікалі Кіеў адмовіцца ад часткі сваёй тэрыторыі і часткі ўзбраеньня. Прапановы ЗША таксама ўключалі скарачэньне Ўзброеных сілаў Украіны і зьніжэньне вайсковай дапамогі ЗША, неабходнай для барацьбы Ўкраіны супраць расейскіх войскаў.

21 лістапада ўкраінская служба Радыё Свабода апублікавала тэкст мірнага пляну. Ён меў на той момант 28 пунктаў у 8 блёках і прадугледжваў прызнаньне Крыму, Данеччыны і Луганшчыны de facto расейскімі, а на тэрыторыях Херсоншчыны і Запароскай вобласьці — «замарожаную» лінію сутыкненьня.

Плян таксама прадугледжваў адмову Ўкраіны ад інтэграцыі ў NATO, скарачэньне яе войска і правядзеньне выбараў праз 100 дзён пасьля падпісаньня мірнай дамовы з Расеяй.

У той жа час у дакумэнце нічога ня згадвалася пра рэпарацыі Расеі. Адзначалася толькі, што Расея юрыдычна абавязваецца не нападаць на Ўкраіну і Эўропу, а 100 мільярдаў даляраў замарожаных расейскіх актываў пойдуць на рэканструкцыю Ўкраіны. Апроч таго, «мірны плян» ЗША прадугледжваў паступовае скасаваньне санкцыяў супраць Расеі і яе вяртаньне ў G8 («Вялікую васьмёрку» ўплывовых дзяржаваў).

Гэты плян раскрытыкавалі ўкраінскія і эўрапейскія палітыкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG