У ЗША і Канадзе яноты ўсё часьцей прыходзяць да чалавечага жыльля ў пошуках лёгкай здабычы ў сьмецьцевых баках. Згадваецца, што летась янот, які прыйшоў парыцца ў баках на футбольным стадыёне ў Філядэльфіі, нават выбег на поле падчас матчу. Па словах навукоўцаў, гэта адзін з прыкладаў таго, што гэтыя жывёлы перастаюць баяцца нават вялікай колькасьці людзей.
Аналіз амаль 20 тысяч фатаграфій паказаў «прыкметнае памяншэньне даўжыні морды» у гарадзкіх янотаў у параўнаньні з іх сельскімі суродзічамі, гаворыцца ў дасьледаваньні.
Падобная фізычная зьмена характэрна для раньніх стадый прыручэньня, якія назіраліся ў котак і сабак, адзначаюць навукоўцы.
А ў прыродзе Беларусі больш чым праз 35 гадоў зноў зафіксавалі янота-паласкуна, паведаміў нядаўна партал smartpress.by.
Як расказаў парталу старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру біярэсурсаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павал Велігураў, сьляды жывёлы знайшлі на абалоне ракі Бярэзіны ў Івейскім раёне, а непадалёк фотапастка зафіксавала самога зьвера. Пакуль застаецца незразумелым, адкуль яноты зьявіліся на Горадзеншчыне — з прыватных вальераў беларусаў ці з суседніх краін, дзе папуляцыі паласкуноў ужо сфармаваліся. Вяртаньне янота-паласкуна — ня толькі заалягічная сэнсацыя, але і экалягічны выклік, мяркуюць заолягі.
Бо гэты від для Беларусі інвазійны. «Вяртаньне янота-паласкуна — гэта экалягічны выклік. Гэта ўсяедная і вельмі адаптыўная жывёла, якая можа нанесьці сур’ёзную шкоду мясцовым экасыстэмам, руйнуючы гнёзды птушак, у тым ліку рэдкіх, і выціскаючы мясцовыя віды драпежнікаў, такіх як лясная куніца ці тхор», — камэнтаваў выяўленьне янота-паласкуна навуковы супрацоўнік Цэнтру біярэсурсаў НАН Беларусі Павел Велігураў.
- Янот-паласкун, родам з Паўночнай Амэрыкі, быў завезены ў Беларусь у сярэдзіне XX стагодзьдзя. Аднак да 2000-х гадоў папуляцыя практычна зьнікла. Цяперашняе зьяўленьне янота, на думку навукоўцаў, можа быць зьвязана як зь міграцыяй з суседніх краін, так і з уцёкамі з прыватных вальераў.
Форум