Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт агучыў дэталі забойства жанчыны ў Менску і плянаваньня помсты яшчэ 40 чалавекам


Будынак Сьледчага камітэту ў Менску. Архіўнае фота
Будынак Сьледчага камітэту ў Менску. Архіўнае фота

Справу аб забойстве жанчыны на праспэкце Ракасоўскага ў Менску ў 2021 годзе перадалі ў суд. Галоўнага фігуранта сілавікі застрэлілі пры спробе затрыманьня.

Паводле Сьледчага камітэту Беларусі, увечары 8 лістапада 2021 году невядомы, пераапрануўшыся ў форму супрацоўніка праваахоўных органаў (якая, як высьветлілася, належала бацьку фігуранта), падышоў да дому на праспэкце Ракасоўскага ў Менску. Каб трапіць у пад’езд, ён набраў нумар выпадковай кватэры на дамафоне і, назваўшыся паштальёнам, пераканаў жыхара адчыніць дзьверы. Падняўся на пяты паверх і пазваніў у кватэру, дзе жыла 33-гадовая жанчына з мужам і малалетняй дачкой. Жанчына адчыніла дзьверы, прагучаў стрэл. Калі яна ўпала, нападнік зрабіў яшчэ адзін стрэл ёй у галаву. Ад раненьняў жанчына памерла на месцы.

Яе мужу ўдалося ўцячы праз гаўбец, ён паведаміў аб здарэньні мінакам, якія выклікалі міліцыю.

У гэты час фігурант выйшаў з падʼезду і ўцёк, пакінуўшы за сабою сьляды крыві ад парэзу на руцэ. Неўзабаве сьледчыя выявілі асобу нападніка: Аляксандар Ліпскі, жыхар Менску.

Матыў — помста

Як адзін з магчымых матываў злачынства разглядалася помста. У 2019 годзе Ліпскага асудзілі за наўмыснае прычыненьне менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня і асабліва злоснае хуліганства.

Пры сварцы з суседам Ліпскі напаў на яго, прычыніў яму цялесныя пашкоджаньні і распыліў пярцовы балёнчык у мінака, які спрабаваў умяшацца. Суд прызначыў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, аднак Ліпскі ўцёк. Тады ж зьнікла яго маці. Бацька сьцьвярджаў, што ня бачыў сына з 2018 году, а жонку — з 2020-га.

Як пісалі «Минск-новости» аб матэрыялах справы год таму, сям’я на праспэкце Ракасоўскага магла стаць ахвярай забойцаў выпадкова. Зламысьнік плянаваў адпомсьціць роднай сястры загінулай і яе мужу. Менавіта зь ім Ліпскі пасварыўся і ў выніку быў асуджаны.

Сьмерць фігуранта і арышт яго бацькоў

Ліпскі і яго маці хаваліся. У жніўні 2024 году сілавікі атрымалі інфармацыю аб месцы жыхарства бацькі Ліпскага ў Менску разам з жонкай і самім Ліпскім. Калі байцы АМАПа і супрацоўнікі крымінальнага вышуку трапілі ў памяшканьне, бацька Ліпскага заявіў, што жыве адзін. Аднак на гаўбцы апэратыўнікі заўважылі замаскаваны люк. Падняўшы вечка, яны выявілі Ліпскага, які адкрыў агонь. У адказ міліцыянты ўжылі зброю. У перастрэлцы Ліпскі загінуў.

Як зразумелі сьледчыя, забойства жанчыны на праспэкце Ракасоўскага не было адзінай задумай сямʼі. Яны мелі намер адпомсьціць усім, хто меў дачыненьне да справы Ліпскага ў 2019 годзе.

У «чорным сьпісе» Ліпскіх нібыта было больш за 40 чалавек: пацярпелыя, іх сваякі, сьледчыя, супрацоўнікі міліцыі, пракуроры, судзьдзі, а таксама сьведкі ня толькі зь ліку суседзяў, але і лекары хуткай мэдычнай дапамогі, якія аказвалі дапамогу пацярпелым.

На допытах маці і бацька Ліпскага не прызналі віну, адмаўлялі якія-небудзь факты, сьцьвярджалі, што супраць іх зладзілі змову, а цела іхнага сына падкінулі ў кватэру, дзе рабілі затрыманьне.

Забітаму Аляксандру Ліпскаму, а таксама ягоным бацькам выставілі абвінавачаньні ва ўчыненьні злачынстваў у складзе арганізаванай групы паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў); п.п. 10, 15 ч. 2 арт. 139 (забойства асобы ці яе блізкіх у сувязі з выкананьнем ім грамадзкага абавязку, зьдзейсьненае групай асобаў); ч. 1 арт. 14, п.п. 1, 5, 10, 15, 16 ч. 2 арт. 139 (замах на забойства дзьвюх і больш асобаў). Справу перадалі ў суд.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG