Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск адкладае перамовы зь Літвой да аўторка. Польшча адкрые Кузьніцу і Баброўнікі ў панядзелак

абноўлена

Пераход Кузьніца на мяжы Польшчы зь Беларусьсю, архіўнае фота
Пераход Кузьніца на мяжы Польшчы зь Беларусьсю, архіўнае фота

Дарадца прэм’ер-міністаркі Літвы Інгі Ругінене сказаў, што афіцыйны Менск прапанаваў адкласьці да аўторка перамовы з Вільняй адносна вяртаньня літоўскіх грузавікоў, якія былі затрыманыя ў Беларусі.

«Апошняя інфармацыя за сёньняшні дзень чарговы раз пацьвярджае, што беларускі рэжым толькі імітуе жаданьне вырашыць праблемы нашых і эўрапейскіх перавозчыкаў, якіх лічаць закладнікамі», — заявіў Альгірдас Дабравольскас.

Паводле BNS, Дабравольскас дадаў, што «замест таго, каб спыняць паветраныя шары, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды, што ствараюць пагрозу для цывільнай авіяцыі на Захадзе, Беларусь паглыбляе эскаляцыю і выкарыстоўвае пірацкія або тэрарыстычныя мэтады, каб захапіць у закладнікі актывы нашых і эўрапейскіх перавозчыкаў».

Дабравольскас лічыць, што нягледзячы на «станоўчыя сыгналы» — колькасць паветраных шароў і іншых рызык зьменшылася пасля закрыцця мяжы — Менск павінен неадкладна дазволіць літоўскім грузавікам пакінуць тэрыторыю Беларусі без дадатковых санкцый.

Варшава раней заяўляла пра гатоўнасьць адкрыць пераходы Кузьніца (закрыты з 9 лістапада 2021 году) і Баброўнікі (закрыты з 10 лютага 2023 году), але гэтыя пляны былі адкладзены пасьля рашэньня Літвы закрыць мяжу з Беларусьсю. У пятніцу намесьнік міністра ўнутраных спраў Польшчы Веслаў Шчэпаньскі пацьвердзіў, што абодва пераходы адкрыюцца ў панядзелак.

«Мы можам падзякаваць нашым партнэрам у Польшчы за тое, што яны трымалі памежныя пункты з Беларусьсю закрытымі значна даўжэй, чым плянавалася. Было б наіўна з гэтым не зьвязваць прапанову рэжыму адкласьці рашэньне праблемы нашых перавозчыкаў на экспэртным узроўні да наступнага аўторка», — пракамэнтаваў Дабравольскас.

Тым часам прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў што Міністэрства замежных спраў Літвы дагэтуль не дало адказу на зробленую два дні таму прапанову беларускага боку правесьці перамовы паміж двума зьнешнепалітычнымі ведамствамі для разьвязаньня сытуацыі на беларуска-літоўскай мяжы.

«Замест гэтага ад літоўскага боку атрымана прапанова аб правядзеньні ў пачатку наступнага тыдня сустрэчы на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных службаў дзьвюх краін у пытаньні барацьбы з трансгранічнай злачыннасьцю», — цытуе Варанкова дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Варанкоў дадаў, што Беларусь вітае такую ініцыятыву, але яна «не вырашае пытаньня адкрыцьця закрытых у аднабаковым парадку літоўскім бокам пунктаў пропуску і аднаўленьня празь іх руху грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў. Яшчэ раз падкрэсьліваем, што з улікам комплекснага характару гэтага пытаньня яго вырашэньне магчыма толькі на палітыка-дыпляматычным узроўні, чаго ад нас так чакаюць грамадзяне Беларусі, Літвы і іншых дзяржаў. Іншы, больш просты варыянт, які не прадугледжвае перамоваў: літоўскі бок можа проста адмяніць сваё аднабаковае рашэньне аб закрыцьці мяжы», — сказаў Варанкоў.

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам да 30 лістапада, зь некаторымі выняткамі.

Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.

Ад 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.

10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, фураў больш за 1100.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG