Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы скарэктавала санкцыі супраць беларускага прадпрымальніка Аляксандра Машэнскага. Згодна з рашэньнем міністэрства, ён быў выключаны са сьпісу замежнікаў, знаходжаньне якіх на тэрыторыі краіны непажаданае.
Астатнія санкцыйныя абмежаваньні ў дачыненьні Машэнскага не зьмяніліся.
У абгрунтаваньні рашэньня гаворыцца, што міністэрству стала вядома аб наяўнасьці ў Аляксандра Машэнскага і яго бліжэйшых сваякоў грамадзянства Кіпра.
Польшча ўвяла нацыянальныя санкцыі супраць Машэнскага ў ліпені сёлета. Яны прадугледжваюць замарожваньне ўсіх фінансавых актываў і эканамічных рэсурсаў, забарону на даваньне якіх-кольвек сродкаў — наўпрост ці праз пасярэднікаў, забарону на ўдзел у дзяржаўных закупках і конкурсах у Польшчы.
Што вядома пра Аляксандра Машэнскага
Ён адзін з найбуйнейшых бізнэсоўцаў у Беларусі. Акрамя «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт», ён валодае сеткай «Санта Рытэйл», кампаніяй «Рускае мора» і іншымі актывамі.
У 2022 годзе Машэнскі жыў і працаваў у Варшаве з дазволу польскіх уладаў. Пра гэта паведамляў польскі тэлеканал TVN. У рэпартажы сьцьвярджалася, што ён здымае кватэру ў польскай сталіцы, вядзе там бізнэс і свабодна езьдзіць паміж Польшчай і Беларусьсю. Паводле польскіх журналістаў, ён карыстаўся «Мэрсэдэсам» з чырвонымі консульскімі нумарамі.
Машэнскі баяўся трапіць пад санкцыі, але больш за 10 гадоў рэжым Лукашэнкі дапамагаў яму гэтага ўнікнуць, адзначаў TVN. Раней ад санкцыяў яго ратавалі ісьляндзкія палітыкі (Машэнскі ў сярэдзіне 2000-х стаў ганаровым консулам Ісьляндыі). У 2022 годзе ўключэньне яго ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу заблякавала Вугоршчына.
У жніўні 2022 году ва Ўкраіне арыштавалі актывы кампаніі «Санта Холод Україна». Гэтай кампаніяй валодае Яна Машэнская, дачка Аляксандра Машэнскага.
У 2025 годзе выданьне «Беларусы і рынак» паставіла Машэнскага на другую пазыцыю ў рэйтынгу самых пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Ягоны малочны бізнэс — трэці паводле продажаў у Расеі і Беларусі, ён уваходзіць у топ-50 замежных бізнэсаў у Расеі паводле Forbes.
Форум