Міністэрства здароўя Беларусі забараніла продаж маршмэлаў (віду пастылы) расейскай вытворчасьці, бо ў яго складзе знойдзены небясьпечны, асабліва для дзяцей, фарбавальнік азарубін (Е122). Як піша БелТА, харчовы фарбавальнік не названы ў складзе прадукцыі на абгортцы.
Расейскае ТАА «Конфектум» прызнала гэтыя прэтэнзіі ў камэнтары ў сувязі з рашэньнем Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь аб часовай забароне ўвозу і рэалізацыі яго прадукцыі на тэрыторыі Беларусі:
«Кампанія „Конфектум“ усьведамляе ўсю сур’ёзнасьць узьніклай сытуацыі і пацьвярджае, што выяўленая неадпаведнасьць пазначэньня складу мела месца ў абмежаваным абʼёме — у адзінкавай партыі тавару адной пазыцыі. Падставай для абмежавальных захадаў паслужыла выяўленьне ў складзе маршмэлаў з водарам клубніц (пачак вагой 200 г) фарбавальніку азарубін (Е122), не паказанага ў пазначэньні. Прычынай інцыдэнту стаў тэхнічны збой, які прывёў да ненаўмыснага зьмешваньня рэштак двух паўфабрыкатаў з рознымі рэцэптурамі падчас вытворчага працэсу», — заявіла кампанія.
Кампанія сьцьвярджае, што «гэта адзінкавы выпадак, які не адлюстроўвае агульнай палітыкі прадпрыемства ў пытаньнях якасьці і бясьпекі і ня зьвязаны зь якімі-небудзь наўмыснымі дзеяньнямі. ТАА „Конфектум“ адклікала згаданую партыю зь беларускага рынку і ініцыявала службовую праверку, якая ахоплівае ўсе этапы вытворчасьці, пакаваньня й лягістыкі».
Вытворца запэўніў, што «выяўленае парушэньне ня зьвязана з наўмысным утойваньнем складу ці пагрозай здароўю спажыўцоў».
Форум