Літва двойчы прасіла ўлады Беларусі дазволіць вяртаньне літоўскіх грузавікоў праз часова закрытыя памежныя пераходы Меднікі й Салечнікі. Але зь Менску 12 лістапада прыйшоў адмоўны адказ. Пра гэта паведаміў дарадца літоўскай прэм’еркі Ігнас Дабраволскас, якога цытуе BNS.
«Сёньня быў атрыманы адказ кіраўніка памежнай службы Беларусі на ліст Літвы. Згода на адкрыцьцё эвакуацыйнага калідору для літоўскіх і эўрапейскіх перавозьнікаў не атрыманая, нашыя прадпрыемствы надалей трымаюць у закладніках», — гаворыцца ў камэнтары Дабраволскаса для мэдыя.
«Літва ня раз падкрэсьлівала, што нашыя межы адкрытыя для нашых і эўразьвязаўскіх перавозьнікаў, а перашкоды для выезду стварае і ўзмацняе эскаляцыю толькі Беларусь, якая ня можа справіцца з кантрабандысцкімі паветранымі балёнамі, што нясуць рызыкі для нашай цывільнай авіяцыі», — дадаў ён.
Паводле дарадцы, у кожным разе ліст Беларусі будзе разгледжаны, але перш яна мае спыніць гібрыдную атаку на авіяцыю і бясьпеку літоўскіх грамадзян.
Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас у панядзелак зьвярнуўся да галоўнага ўпаўнаважанага Беларусі на мяжы зь Літвой з просьбай прапусьціць грузавікі літоўскіх кампаніяў назад у краіну праз памежныя пераходы Меднікі й Салечнікі, зараз часова закрытыя ўрадам Літвы.
Прэмʼерка Літвы Інга Ругінене сказала ў сераду, што памежныя пераходы могуць быць адкрытыя, калі Літва ўбачыць гатоўнасьць Беларусі да супрацы, а міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што гэта можа адбыцца, калі Беларусь, якая не кантралюе кантрабанду з дапамогай паветраных балёнаў у Літву, спыніць эскаляцыю.
- Урад Літвы прыняў рашэнне закрыць мяжу з Беларусьсю на месяц, да 30 лістапада, зь некаторымі выняткамі.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, фураў больш за 1100.