«Цяпер іх [выпадкаў] няшмат, але інфэкцыяністы зноў сутыкнуліся з гэтай хваробай. У большасьці выпадкаў адзёр прывезены, найчасьцей з Расеі. Шмат жыхароў Беларусі працуюць там, дзе адбываецца кантакт з хворым, і вяртаюцца дадому часта ў інкубацыйны пэрыяд, калі сымптомы пачынаюць праяўляцца. Асноўная частка хворых — непрышчэпленыя людзі», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА намесьніцу галоўнага лекара ў інфэкцыйных захворваньнях Магілёўскай лякарні № 1 Ірыну Бас.
Галоўная лекарка 8-й гарадзкой паліклінікі Менску Тацяна Камкова адзначыла, што, паколькі ў гэтай мэдычнай установе надаюць дапамогу пацыентам з адром і чырвонкай, мэдычныя работнікі прайшлі вакцынацыю па праверцы ўзроўню іхнага імунітэту.
«Калі імунітэт быў нізкім, супрацоўнікаў вакцынавалі, каб спыніць ланцужок распаўсюду інфэкцыі. Мэдык зь нізкім імунітэтам можа захварэць і адначасова заразіць іншых, яшчэ здаровых пацыентаў. Для гэтага правялі маштабную праграму вакцынацыі сярод мэдычнага пэрсаналу», — сказала Тацяна Камкова.
У 2024 годзе ў Беларусі зарэгістравалі 754 выпадкі адру — гэта найбольш пасьля 1995 году.
Для параўнаньня: у 2018 годзе ў Беларусі было 259 выпадкаў адру, у 2019-м — 201, у 2020-м — 0, у 2021-м — 3, у 2022-м — 0, а ў 2023-м — ужо 206 выпадкаў.
У 2024 годзе 43% выпадкаў захворваньня прыпала на дзяцей да 18 гадоў, у той час як да 2023 году асноўную долю (ад 70% да 90%) хворых складалі дарослыя 20–60 гадоў. Большасьць дзяцей (83%), якія захварэлі, не былі прышчэпленыя супраць адру, бо бацькі адмаўляліся ад вакцынацыі.
Большасьць хворых дарослых таксама не былі прышчэпленыя або зьвестак пра іх вакцынацыю не было. Толькі каля 35% хворых дарослых мелі зьвесткі пра зробленую прышчэпку, аднак усе яны атрымалі апошнюю дозу вакцыны больш за 10 гадоў таму.
Летась улады заяўлялі, што вірус адру ў Беларусь завозілі з розных рэгіёнаў Расеі, а таксама з Азэрбайджану, Казахстану, Грузіі, Польшчы і ААЭ.
Форум