Лінкі ўнівэрсальнага доступу

35 літоўскіх кампаніяў прапанавалі спосабы барацьбы з балёнамі і дронамі зь Беларусі


Скрыня з цыгарэтамі прычэпленая да балёну, які прыляцеў у Літву зь Беларусі
Скрыня з цыгарэтамі прычэпленая да балёну, які прыляцеў у Літву зь Беларусі

Кампаніі прапануюць, сярод іншага, мэханічныя пасткі, сеткавыя модулі, лазэрныя сыстэмы і плятформы для пераняцьця дронаў.

Трыццаць пяць літоўскіх кампаніяў прапанавалі інавацыйныя спосабы барацьбы з пагрозамі, зьвязанымі з кантрабандысцкімі паветранымі балёнамі і бесьпілётнікамі зь Беларусі, паведаміла агенцтва BNS з спасылкай на Міністэрства эканомікі і інавацыяў Літвы.

Два тыдні таму міністэрства абвясьціла конкурс на прапановы процідзеяньня дронам, якія залятаюць зь беларускай тэрыторыі. Паміж кампаніямі, якія падалі найлепшыя ідэі, будзе падзелены 1 млн эўра.

«Пасьля абвяшчэньня конкурсу мы атрымалі 35 заявак за два тыдні — Літва чарговы раз даказала, што, нават будучы невялікай краінай, яна мае вялікі тэхналягічны патэнцыял», — сказаў міністар эканомікі й інавацыяў Літвы Эдвінас Грыкшас.

Паводле яго, кампаніі прапануюць вельмі розныя, але ўзаемадапаўняльныя рашэньні, таму на наступным этапе міністэрства паспрабуе абʼяднаць іх — злучыць кампаніі ў кансорцыюмы і распрацаваць адзіную дзейную сыстэму, якая дапаможа абараняць паветраную прастору Літвы.

Паводле зьвестак міністэрства, ідэі, прапанаваныя кампаніямі, ахопліваюць некалькі асноўных кірункаў тэхналёгіяў: выяўленьне і маніторынг паветраных абʼектаў, іх распазнаньне і нэўтралізацыя. Прапанаваныя тэхналёгіі таксама дазволяць прагназаваць траекторыі палёту паветраных абʼектаў, а таксама гарантаваць бясьпечнае прызямленьне грузу зьбітага паветранага балёну.

Міністэрства паведамляе, што прапанаваныя тэхналёгіі нэўтралізацыі ўключаюць мэханічныя пасткі, сеткавыя модулі, лазэрныя сыстэмы і плятформы для пераняцьця дронаў.

«Большасьць рашэньняў арыентаваная на кантрабандысцкія паветраныя балёны, але значная колькасьць таксама ўключае нэўтралізацыю дронаў і зьмешаных гібрыдных пагрозаў», — сказаў віцэ-міністар эканомікі й інавацыяў Паўлюс Пятраўскас.

Спаміж 35 атрыманых заявак 12 падалі кансорцыюмы, якія абʼядноўваюць кампэтэнцыі некалькіх кампаніяў. На першым этапе будуць адабраныя лепшыя ідэі з патэнцыялам для хуткай рэалізацыі. Надалей гэтыя рашэньні адаптуюць да практыкі й выхаду на рынак.

Урад Літвы заахвоціў прадпрыемствы прапаноўваць ідэі ў адказ на масавыя прылёты паветраных балёнаў з кантрабандай зь Беларусі, што ня раз адбівалася на працы Віленскага, а адзін раз і Ковенскага аэрапортаў. Літоўскія ўлады лічаць іх гібрыднымі атакамі.

У адказ урад Літвы з 27 кастрычніка закрыў усе памежныя пераходы зь Беларусьсю да канца лістапада.

Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.

А 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.

10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, фураў больш за 1100.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG