Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выезду ў Польшчу 12 лістапада чакаюць 3 755 грузавікоў, легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў


Пункт пропуску ў Салечніках, 28 кастрычніка 2025, Літва
Пункт пропуску ў Салечніках, 28 кастрычніка 2025, Літва

Як паведамілі на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі на 8-ю гадзіну раніцы 12 лістапада, выезду ў Польшчу чакалі 2970 легкавых аўтамабіляў, 770 грузавікоў і 15 аўтобусаў.

На беларуска-латвійскай мяжы ў пункце «Грыгораўшчына» 12 лістапада стаяць 170 фур (11 лістапада было 190), а 7 лістапада ў чарзе было 360 грузавікоў.

Выезду ў Літву ў пункце пропуску Каменны Лог чакаюць 570 грузавікоў і 370 — у Беняконях.

Пасьля прылёту зь Беларусі балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі літоўскі ўрад закрыў два пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю. У выніку зьявіліся доўгія чэргі легкавікоў і аўтобусаў на выезьдзе зь Беларусі ў Польшчу.

Як раней паведамляў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, у сувязі з закрыцьцём літоўскімі ўладамі мяжы з Беларусьсю ў шэсьць разоў вырасла чарга легкавых транспартных сродкаў на выезьдзе ў Польшчу ў пункце пропуску «Берасьце».

Калі тыдзень таму выезду празь беларуска-польскую мяжу ў сярэднім чакалі 300-400 аўтамабіляў, то цяпер іх больш за 2500.

Грузавыя транспартныя сродкі, якія выяжджалі ў Эўразьвяз празь беларуска-літоўскую мяжу, таксама пераарыентаваліся на польскі і латвійскі кірункі.

Улады Беларусі накіравалі літоўскія грузавікі толькі на беларуска-літоўскі ўчастак мяжы, пасьля гэтага, як паведаміў мытны камітэт Беларусі, колькасьць аўтамабіляў, якія чакаюць выезду ў Польшчу і Латвію, вярнулася да стабільных для цяперашняга часу лічбаў.

31 кастрычніка ўрад Беларусі пастанавіў забараніць праезд літоўскім фурам праз пункты пропуску іншых краін.

Што папярэднічала

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам — пакуль на месяц.

Праз палёты балёнаў увосень 9 разоў закрывалі паветраную прастору над Віленскім аэрапортам. У тым ліку адзін раз ужо пасьля поўнага закрыцьця мяжы — 30 кастрычніка.

Закрыцьцё мяжы будзе дзейнічаць да першай гадзіны ночы беларускага часу 1 сьнежня — з магчымасьцю падаўжэньня.

28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка, пасьля кансультацыяў зь Літвой, перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў.

31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рашэньню Польшчы пра адкрыцьцё памежных пераходаў папярэднічала дамоўленасьць пра вызваленьне Анджэя Пачобута і іншых палітвязьняў. Цяпер яна таксама адкладзеная.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG