Беларус падаў пазоў на банк Alior за беспадстаўную дыскрымінацыю ягоных правоў. Пра гэта расказвае «Горадзенская праваабарона».
У лістападзе летась Уладзімер Л. пастанавіў адкрыць у беластоцкім аддзяленьні банку Alior асабісты ашчадны рахунак. Беларус падаў усе патрабаваныя на той момант банкам дакумэнты для адкрыцьця рахунку.
Супрацоўнікі банку адразу не змаглі вызначыць, ці Ўладзімер Л. мае права адкрыць такі рахунку, але ўрэшце паведамілі мужчыну, што адкрыць рахунак немагчыма, бо Ўладзімер ёсьць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.
Уладзімер Л. аспрэчваў рашэньне аддзяленьня банку, пішучы скаргі. Аднак гэта не дало выніку, і беларус падаў пазоў у суд.
Ён патрабуе маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі за фактычную яго дыскрымінацыю на падставе грамадзянства. Банк ня лічыць адмову дыскрымінацыяй, а даводзіць, што не было як пераканацца ў праўдзівасьці прадстаўленых дакумэнтаў і ў тым, ці не зьбіраецца Л. «адмываць» незаконна заробленыя грошы.
Першае паседжаньне суду доўжылася каля гадзіны. Суд заслухаў Уладзімера Л., а прадстаўнік пазванага з Варшавы ў судовай відэаканфэрэнцыі мог задаць яму пытаньні.
Пакуль банк ня здолеў падаць юрыдычную аргумэнтацыю сваёй пазыцыі і не забясьпечыў удзелу ў працэсе сьведкі — супрацоўніцы беластоцкага аддзялення банку. На хадайніцтва пазванага працяг працэсу перанесены.
Форум