Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі выступілі за ўмацаваньне пазыцыяў расейскай мовы ў СНД


Канфэрэнцыя «Расейская мова — аснова інтэграцыйнага дыялёгу ў рэгіёне СНД». Санкт-Пецярбург, 16 кастрычніка 2025 году
Канфэрэнцыя «Расейская мова — аснова інтэграцыйнага дыялёгу ў рэгіёне СНД». Санкт-Пецярбург, 16 кастрычніка 2025 году

Дэлегацыя зь Беларусі прымае ўдзел у канфэрэнцыі «Расейская мова — аснова інтэграцыйнага дыялёгу ў рэгіёне СНД»

У Санкт-Пецярбургу з удзелам прадстаўнікоў Беларусі праходзіць Другая міжнародная канфэрэнцыя «Расейская — аснова інтэграцыйнага дыялёгу ў рэгіёне СНД».

У ёй прымае актыўны ўдзел дэлегацыя Парлямэнцкага сходу «Саюзу Беларусі і Расеі», у тым ліку дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Яны заявілі аб прыхільнасьці так званай «Саюзнай дзяржавы» да справы ўмацаваньня пазыцыяў расейскай мовы і разьвіцьця адзінай гуманітарнай прасторы, піша сайт гэтага органу.

У прыватнасьці, дэпутат з Горадзеншчыны Міхаіл Мірончык агучыў прывітаньне ўдзельнікам канфэрэнцыі старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергеенкі :

«Для Рэспублікі Беларусь, дзе расейская мова мае канстытуцыйны статус адной з дзяржаўных, гэтая сустрэча становіць сабой эфэктыўны інструмэнт падтрымкі партнэрства і ўзаемадзеяньня. Перакананы ў тым, што выпрацаваныя рэкамэндацыі атрымаюць практычнае ўвасабленьне і стануць важкім укладам у разьвіцьцё эканамічнага, праўнага, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва».

Удзельніца канфэрэнцыі з расейскай Думы Вольга Германава заявіла пра гістарычную ролю расейскай мовы як падмурку інтэграцыі і асновы «агульнага культурнага коду»:

«Расейская мова ў краінах СНД — гэта ня выбар паміж традыцыяй і сучаснасьцю. Гэта мова будучыні, на якой і будуецца фундамэнт разьвіцьця краін СНД».

Яна расказала пра ключавыя кірункі падтрыманьня расейскай мовы: разьвіцьцё сеткі адукацыйных цэнтраў, будаўніцтва сумесных школ у краінах СНД, праграма «Расейскі настаўнік за мяжой», сеткавая супраца ВНУ і падтрымка тэатральных праектаў.

Міхаіл Мірончык таксама заявіў:

«Для нас, прадстаўнікоў Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі, расейская мова — мова законатворчасьці, якая дае магчымасьць фармаваньня нарматыўна-праўнага забесьпячэньня, магчымасьці мадэльнай заканатворчасьці».

Ён заявіў, што ў Беларусі нібыта створаныя ўсе ўмовы для разьвіцьця і функцыянаваньня дзьвюх дзяржаўных моваў. Пры гэтым ён прызнаў, што каля 80 працэнтаў навучэнцаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі навучаюцца па-расейску.

Дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі

Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў сёлета заявіў, што ў у першай палове 2025 году русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі ўзмацніліся. Беларуская мова надалей выціскаецца з публічнай прасторы, а яе носьбіты сутыкаюцца з праявамі дыскрымінацыі.

Беларуская мова па-ранейшаму маргіналізаваная ў сыстэме адукацыі: менш за 10% школьнікаў вучацца па-беларуску, скарачаецца колькасьць школаў зь беларускай мовай навучаньня, выціскаюцца беларускія падручнікі. Зьявіліся прыклады цэнзуры ў навучальных матэрыялах: згадкі пра бітву пад Воршай выдаляюцца, а постаць Кастуся Каліноўскага дыскрэдытуецца.

Сфэра вышэйшай адукацыі таксама адкрытая для расейскага ўплыву: у 2025 годзе Беларусь вылучыла 1000 бюджэтных месцаў для расейскіх абітурыентаў, а таксама плянуе абмен каля 50 прафэсараў паміж краінамі.

На гэтым фоне працягваецца крыміналізацыя ўсякай дзейнасьці, зьвязанай зь беларускай мовай і культурай. Шыльды на беларускай мове, беларускамоўныя выданьні, адукацыйныя і прыродаахоўныя ініцыятывы абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі», а іх арганізатары цярпяць ад перасьледу. Гэта стварае беспрэцэдэнтную сытуацыю, калі нацыя робіцца мішэньню палітыкі ўласнай дзяржавы, а мова — аб’ектам вынішчэньня, заявілі ў Міжнародным саюзе беларускіх пісьменьнікаў.

Беларускі ПЭН таксама раней заяўляў аб узмацненьні і паскарэньні русыфікацыі Беларусі пасьля падзеяў 2020 году.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG