Гурт Naviband прэзэнтаваў Беларусь у конкурсе Эўравізіі ў 2017 годзе і заняў 17 месца. У «экстрэмісцкі сьпіс» таксама дадалі шэраг старонак беларускай дыяспары ва Ўкраіне, Літве, Польшчы.
14 кастрычніка музыкі Naviband апублікавалі новы відэакліп на песьню «Мама».
Песьня «Мама» выйшла яшчэ летась і стала папулярнай. Яна ўвайшла у альбом гурту «Адліга». Украінская вэрсія песьні з выканаўцам CHEEV стала вірусным трэндам ва Ўкраіне — на сёньня пад «Мамо» зьнята амаль 50 000 відэа ў TikTok.
«За мінулы год, вядома, гэтая песня стала для нас вельмі важнай, і думка выпусціць кліп на яе не адпускала», — расказаў удзельнік гурту Арцём Лук’яненка.
«Мама» выклікала ў нашых слухачоў вельмі шмат эмоцыяў, гісторыяў, якія нам штодня расказваюць пасьля канцэртаў, — у кагосьці цёплыя адносіны з мамай, у кагосьці цяжкія, нехта сумуе, а нехта ўжо ніколі ня зможа сваю маму ўбачыць. І ўсім ім захацелася прысьвяціць гэтую працу аб самым важным у жыцьці кожнага з нас чалавеку. Тым больш сёньня, калі праз адлегласьці для мільёнаў людзей кожная сустрэча з мамай на вагу золата, і мы не выключэньне», — напісалі аўтары кліпу.
Рэжысэрам кліпу выступіла Даша Madsangria, вядомая сваёй супрацай з Sony Music і кліпамі для Анастасіі Рыдлеўскай, а галоўную ролю мамы грала актрыса «Купалаўцаў» Валянціна Гарцуева.
Цяпер гурт заняты запісам новага альбому і гастролямі па гарадах Польшчы.
Форум