Чарнаморскі флёт Расеі заявіў, што дызэльная падводная лодка «Новарасійск» усплыла ля берагоў Францыі для выкананьня правілаў навігацыі ў пратоцы Ля-Манш, расейцы адпрэчваюць паведамленьні пра сур’ёзную няспраўнасьць субмарыны, піша Reuters.
Але галяндзкія ўлады заявілі, што падводная лодка транспартавалася на буксіры ў Паўночным моры. А Рутэ ў сваім выступе ў Славеніі сказаў, што вадаплаў «зламаўся».
«Цяпер, у істоце, у Міжземным моры амаль не засталося расейскай вайскова-морскай прысутнасьці. Там ёсьць самотная і зламаная расейская падводная лодка, якая чыкільгае дадому з патруляваньня. Што за зьмена ў параўнаньні з раманам Тома Клэнсі 1984 году „Паляваньне на Чырвоны Кастрычнік“! Сёньня гэта больш падобна на паляваньне на бліжэйшага рамонтніка», — сказаў ён.
ВЧК-ОГПУ, ценевы Telegram-канал, які публікуе, як сьцьвярджаецца, выцекі інфармацыі з расейскіх крыніц, яшчэ 27 верасьня паведамляў пра выцек паліва ў трум «Наварасійску», што павялічвае рызыку выбуху.
9 кастрычніка Морскае камандаваньне NATO апублікавала фатаграфіі, як сказана, францускага фрэгату, які назіраў за расейскай падводнай лодкай, што плыла на паверхні ля ўзьбярэжжа Брэтані.
Расейскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ТАСС паведаміла, што субмарына паступіла на ўзбраеньне ў 2014 годзе і ўваходзіла ў склад групы падводных лодак, якія нясуць крылатыя ракеты «Калібр».
Форум