Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абнаўленьне базы вышуку МУС РФ: зараз у ёй больш за 5 000 беларусаў


МУС РФ працягвае аб’яўляць у вышук беларусаў. За апошнія паўгоду ў сьпіс трапілі 1180 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі — цяпер у ім 5220 чалавек (карткі на больш за паўтары тысячы з базы прыбралі).

Пра гэта паведамляе выданьне «Мэдыязона».

У расейскі вышук беларусы трапляюць на запыт Беларусі — гэта значыць, што чалавека шукаюць у абедзьвюх краінах, а таксама могуць выдаць з «дружалюбных краінаў».

Знаходжаньне ў расейскай базе вышуку азначае, што вас абвясьцілі ў вышук у Беларусі, а потым і ў РФ.

Журналісты і экспэрты

За паўгоду ў вышук у РФ абвясьцілі некалькіх журналістаў і журналістак: Марыю Грыц, былога галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» і былога палітвязьня Ягора Марціновіч, у вышуку зьявілася вядучая шоў «Обычное утро» Марына Ментусава, вядучая Кацярына Раецкая, журналістка і былы палітвязень Вольга Класкоўская, а таксама яе бацька, журналіст і палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.

Апроч іх у вышук былі абвешчаныя ўраджэнец Горадні Андрэй Мялешка, супраць якога раней завялі тры крымінальныя справы, а да сямʼі прыходзілі сілавікі, журналісты Радыё Свабода Ганна Соўсь, журналіст Белсата Віталь Цыганкоў, журналіст, філёзаф, кінакрытык Максім Жбанкоў.

У вышуку знаходзяцца экспэрт Аляксандр Фрыдман, а таксама палітоляг і палітык Павал Вусаў, завочна асуджаны на 11 гадоў калёніі і абвешчаны «тэрарыстам», кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімер Кавалкін і эканаміст Павал Данэйка, асуджаны завочна на 12 гадоў калёніі.

Палітыкі

У сьпіс вышуку ў РФ трапілі і палітыкі, чальцы Каардынацыйнай рады: блогер і дэлегат Аляксандр Кныровіч, сьпікер Рады Арцём Брухан, а таксама кіраўнік «НАУ» і дэлегат Рады Павал Латушка, асуджаны завочна на 18 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Паўла Латушку шукаюць ня першы год, але яго, як і некаторых іншых беларусаў, пераабвясьцілі ў вышук — невядома, ці зьвязана гэта з новай крымінальнай справай ці іншымі прычынамі.

У сьпісе ёсьць дыпляматычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі. Таксама туды патрапілі былыя чальцы Абʼяднанага пераходнага кабінэта: кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў, завочна асуджаны на 25 гадоў калёніі і дырэктар Агенцтва Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі.

Палітвязьні

Сярод беларусаў, якія трапілі ў вышук, ёсьць былыя палітвязьні: Паліна Шарэнда-Панасюк, Антаніна Канавалава (і яе маці Ганна Канавалава), анархісты, асуджаныя ў справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня» Данііл Чуль і Андрэй Чапюк, Зьміцер Гопта і яго маці Вольга. Акрамя таго, у вышук абвешчаная Яўгенія Верамейчык, жонка былога байца Палку Каліноўскага, палітвязьня Васіля Верамейчыка.

Праваабаронцы, актывісты і людзі культуры

У Беларусі і РФ шукаюць праваабаронцу з «Вясны» Паўла Сапелку і чальца «Прававой ініцыятывы» Сяргея Усьцінава, былога адваката і дарадцу ў прававых пытаньнях «НАУ» Міхаіла Кірылюка, удзельніц ініцыятывы «Палітвязынка» — яе стваральніцу Яўгену Доўгую, журналістку Насту Захарэвіч і мастачку Ганну Крацько.

У вышуку актывістка ініцыятывы «Маці-328» Ліяна Шуба і былы дэфектаскапіст Менскай лябараторыі Андрэй Суша, які пасьля перасьледу з боку сілавікоў пакінуў Беларусь, пераляцеўшы на парапляне ў Літву; мастакі-акцыяністы Уладзіслаў Бохан і Аляксей Кузьміч.

РФ на запыт Беларусі абвясьціла ў вышук былых актораў Купалаўскага тэатра, якія выступаюць зараз у эміграцыі: Зою Белахвосьцік, Аляксандра і Валянціну Гарцуевых, Крысьціну Дробыш.

У сьпіс патрапіў беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч, які ўдзельнічаў у сямі Алімпійскіх гульнях і 12 чэмпіянатах сьвету. У лютым 2022 года Сяргей разам з дачкой Дарʼяй пакінулі Беларусь пасьля таго, як беларускія ўлады пазбавілі яе магчымасьці выступаць на міжнародных лыжных спаборніцтвах праз палітычную пазыцыю.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG