Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі падпісаў распараджэньне пра вяртаньне памежнага руху паміж Польшчай і Беларусьсю. Пра гэта раней папярэдзіў прэм’ер-міністар краіны Дональд Туск.
Як тлумачыць у сваім паведамленьне МУС Польшчы, рух на мяжы прыпыняўся ў зьвязку з манэўрамі «Захад-2025», якія праходзілі на беларускай тэрыторыі пры ўдзеле расейскіх войскаў.
«Як і было абвешчана, пасьля дбайнага аналізу, заснаванага на інфармацыі, атрыманай ад уладаў, мы зноў адкрываем мяжу. Мы пастаянна сочым за сытуацыяй» — заявіў Марцін Кервіньскі, падпісваючы дакумэнт.
Мяжа была зачыненая апоўначы 12 верасьня.
Аднаўленьне памежнага руху будзе распаўсюджвацца ў абодвух напрамках — на выезьдзе з Польшчы ў Беларусь і наадварот. Гэта тычыцца як аўтамабільнага транспарту, так і грузавых цягнікоў.
Легкавыя аўтамабілі вернуцца на памежны пераход Тэрэспаль-Берасьце, а грузавікі — на памежны пераход Кукурыкі-Казловічы.
Будуць адкрыты чыгуначныя памежныя пераходы для грузавых перавозак: Кузьніца Беластоцкая — Горадня, Семяноўка — Сьвіслач і Тэрэспаль — Берасьце.
Форум