Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альбанія першай у сьвеце прызначыла міністрам штучны інтэлект


ШІ-міністар Дзіела
ШІ-міністар Дзіела

Новы «член кабінэта» Дзіела (у перакладзе з альбанскай — «сонца») зоймецца кіраваньнем дзяржаўнымі тэндэрамі і будзе адказваць за разьмеркаваньне кантрактаў.

Прэм’ер-міністар Эдзі Рама, які фарміруе свой чацьвёрты кабінэт, заявіў, што Дзіела стане «першым членам ураду, які не прысутнічае фізычна, а створаны віртуальна пры дапамозе ШІ». Задача бота — зрабіць так, каб дзяржзакупкі былі на 100% свабодныя ад карупцыі, паведамляе Reuters.

Тэндэры ў Альбаніі даўно лічацца крыніцай карупцыі і спосабам адмываньня грошай, што перашкаджае краіне наблізіцца да ўступленьня ў ЭЗ. Цяпер працэс разьмеркаваньня кантрактаў паступова перадаецца ШІ, каб выключыць уплыў чыноўнікаў, хабар і пагрозы.

Дзіела зьявілася ў пачатку 2025 года як віртуальны асыстэнт на партале e-Albania. У асыстэнта ёсьць аватар у традыцыйным альбанскім касьцюме, яна адказвае на галасавыя запыты і выдае дакумэнты з электроннымі подпісамі, скарачаючы бюракратычныя затрымкі.

Аднак карыстальнікі лічаць, што карупцыя ў Альбаніі нікуды ня дзенецца: многія жартуюць, што крадзеж працягнецца, проста ўсе будуць абвінавачваць ужо Дзіелу, піша devby. Альбанія, па ацэнках экспэртаў, застаецца вузлом для міжнародных злачынных груповак, якія займаюцца наркагандлем і зброяй. Барацьба з карупцыяй — адна з ключавых умоў на шляху да членства ў ЭЗ, якога Рама спадзяецца дасягнуць да 2030 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG