Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаго «ніхто ня гнобіць», у другога — «нізкі статус». Як сядзяць у калёніі засуджаныя ксяндзы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У ліку 52-х вязьняў, якія 11 верасьня выйшлі з-за кратаў і былі высланыя ў Літву, быў і Андрэй Крылоў, засуджаны за «масавыя беспарадкі». У калёніі ён знаходзіўся з палітвязьнямі каталіцкімі сьвятарамі Генрыхам Акалатовічам і Анджэем Юхневічам. Андрэй расказаў пра іх сайту «Хрысьціянская візія».

Генрых Акалатовіч, 2023 год
Генрых Акалатовіч, 2023 год

Палітвязень Андрэй Крылоў шмат гутарыў з ксяндзом Генрыхам Акалатовічам, абвінавачаным у «здрадзе дзяржаве» і засуджаным на 11 гадоў пазбаўленьня волі, ведае шмат падрабязнасьцяў пра яго справу і стан. «Хрысціянскай візіі» ён расказаў:

  • пра абставіны затрыманьня Акалатовіча: КДБ падманам выманіла яго на могілкі, каб ніхто ня ўбачыў, як праходзіць затрыманьне;
  • пра сутнасьць абвінавачаньня супраць яго ў «здрадзе дзяржаве»: паводле Крылова, ксяндзу закідалі, што ён нанёс дзяржаве шкоду ў адзін мільён эўра;
  • пра ціск з боку КДБ: Акалатовічу прапаноўвалі свабоду ў абмен на ўдзел у правакацыі супраць апостальскага нунцыя Ватыкана ў Беларусі Іньяцыо Чэфалія;
  • пра ўмовы ўтрыманьня і настрой ксяндза Акалатовіча: «Яго ніхто моцна ня гнобіць з боку супрацоўнікаў». «І да яго там яшчэ адзін падыходзіў, служачы МУС, і казаў: я ж памятаю, калі я быў малады, вы мяне вянчалі».
  • пра просьбу ксяндза расказваць праўду пра ягоную справу і дамагацца максымальнай публічнасьці і ціску на рэжым з мэтай вызваленьня ўсіх нявінна асуджаных.


Анджэй Юхневіч, архіўнае фота
Анджэй Юхневіч, архіўнае фота

Акрамя таго, Крылоў распавёў пра сытуацыю ксяндза Анджэя Юхневіча: пасьля затрыманьня па палітычных матывах у дачыненьні да яго распачалі крымінальную справу па артыкулах аб палавой недатыкальнасьці непаўнагадовых і ён быў засуджаны на 13 гадоў калёніі.

Праз тое, што справа тычыцца «палавых артыкулаў» у калёніі яму быў прысвоены так званы «нізкі статус», які азначае больш уразьлівую пазыцыю да бязьмежжа ў дачыненьні да яго з боку адміністрацыі і іншых асуджаных, а таксама сацыяльную ізаляцыю. Пры гэтым Крылоў падкрэсьліў, што «гвалтоўных сэксуальных мэтадаў там у нас не адбываецца».

Поўны тэкст інтэрвію — на сайце «Хрысьціянскай візіі».

  • Пасьля 2020 году праз палітычны перасьлед рэжыму Лукашэнкі прайшлі больш за 60 беларускіх сьвятароў. Многіх затрымлівалі за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў», давалі «суткі» або штрафы. На некаторых завялі крымінальныя справы.
  • На 16 гадоў калёніі асудзілі праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча ў «справе Аўтуховіча», разам зь ім асудзілі ягоных жонку і сына. На ксяндза Дзьмітрыя Прыступу з Баранавічаў завялі крымінальную справу за тое, што ён “пракаціў” на капоце амапаўца ў першыя дні пратэстаў. Прыступа пасьпеў выехаць зь Беларусі.
  • Больш за дзесяць хрысьціянскіх сьвятароў выехалі зь Беларусі праз палітычны перасьлед з 2020 году, у тым ліку ксёндз-паляк Анджэй Бульчак, які 14 гадоў працаваў у Паставах і пабудаваў там касьцёл. Таксама праваслаўныя сьвятары айцец Георгі Рой і Аляксандар Кухта, якія выйшлі з-пад юрысдыкцыі Масквы і якіх узяў «пад крыло» Канстантынопаль.
  • Улады зьнішчылі пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» ў Менску, а будынак, прыстасаваны да малітваў, разбурылі. Пасьля таямнічага начнога лякальнага пажару закрылі Чырвоны касьцёл, сымбаль каталікоў і візытоўку Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG