«Літаральна за 200 мэтраў ад ляснога фонду Лельчыцкага лясгасу палыхала полымя. Працаўнікі лясгасу правялі неабходныя папераджальныя меры — на шчасьце, агонь на беларускі бо не перайшоў», — адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.
Лельчыцкі раён Гомельскай вобласьці мяжуе з Жытомірскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны. У той жа час упраўленьні Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях Жытомірскай і Ровенскай абласьцей не паведамлялі аб пажарах на мяжы.
Выратавальнікі Жытомірскай вобласьці 7 верасьня паведамілі аб пажарах у экасыстэмах на тэрыторыі Корасьценскага, Бярдзічаўскага і Жытомірскага раёнаў, дзе адбылося 6 выпадкаў загараньня сухой травы. Аднак гэтыя раёны зь Беларусьсю не мяжуюць. У Оўруцкім і Алеўскім раёнах, якія мяжуюць з Лельчыцкім раёнам Беларусі, пажараў у экасыстэмах не фіксавалі.
Ва ўпраўленьні Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях Ровенскай вобласьці паведамлялі аб узгараньні сухой травы ў Вараскім раёне, які ня мае супольнай мяжы зь Беларусьсю.
На мапе NASA FIRMS, якая пра дапамозе спадарожнікавых назіраньняў адлюстроўвае актыўныя пажары і тэрмічныя анамаліі ў рэжыме рэальнага часу, таксама няма ніякіх прыкмет пажараў на мяжы Беларусі і Ўкраіны цягам апошняга тыдня. Як сьцьвярджаюць экспэрты, тэрмічныя анамаліі на мапе могуць адсутнічаць у тым выпадку, калі ўзгараньні былі невялікія і адбываліся на абмежаваных плошчах.
Форум