Як паведамляе партал Каталікі Беларусі, праз год пасьля выхаду на пэнсію ксёндз Уладзіслаў Завальнюк прызначаны пробашчам у Барысаў.
«Праз год пасьля таго, як былога шматгадовага пробашча Чырвонага касьцёла ў Менску, закрытага ўжо амаль тры гады, ксяндза Ўладзіслава Завальнюка звольнілі і адправілі на пэнсію, яго накіроўваюць на новае месца служэньня. Афіцыйна пра гэта пакуль не паведамляецца, але, як даведаліся вернікі, сьвятара прызначаюць пробашчам парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве.
Гэта новы касьцёл, пабудаваны і асьвечаны ў 2021 годзе. Пробашч гэтай парафіі — ксёндз Аляксей Раманчук, якога накіроўваюць на служэньне новым кусташам Нацыянальнага санктуарыю ў Будславе», — паведамляюць крыніцы ў каталіцкім асяродку.
Чакаецца, што ўрачыста вітаць новага пробашча ў Барысаве будуць у наступную нядзелю, 14 верасьня.
«Некаторыя парафіяне ўжо даведаліся гэтую навіну і ўспрынялі з радасьцю, бо добра ведаюць ксяндза Ўладзіслава і ставяцца зь вялікай павагай да яго», — пішуць «Каталікі Беларусі».
Форум