У Афганістане ў выніку землятрусу, які адбыўся а 23:45 31 жніўня недалёка ад мяжы з Пакістанам, загінулі 622 чалавекі і больш за 1500 атрымалі раненьні.
Як паведаміла агенцтва Reuters, магутнасьць землятрусу склала 6,0 баляў.
Жыхар правінцыі Нангархар паведаміў Радыё Свабода аб вялікай колькасьці разбураных будынкаў. «Усё зраўняла зь зямлёй. Тэрмінова трэба даставіць людзям аптэчкі, прадукты харчаваньня і неабходныя тавары для дома», — сказаў ён.
Мадэляваньне, якое раней правяла Геалягічная служба ЗША (USGA), паказала, што меркаваная колькасьць загінулых можа дасягаць сотняў чалавек.
USGA паведаміла, што эпіцэнтар штуршкоў землятрусу знаходзіўся на глыбіні 8 кілямэтраў, што зьяўляецца адносна невялікім узроўнем, які часта прычыняе большую шкоду, чым больш глыбокія падземныя штуршкі.
Жыхары сталіцы Пакістана Ісламабаду, які знаходзіцца больш чым за 300 кілямэтраў ад эпіцэнтру, паведамілі, што адчулі толькі дрыжаньне будынкаў.
Землятрус адбыўся пасьля таго, як правінцыя Нангархар пацярпела ад моцнай паводкі ў мінулыя выходныя, у выніку якой загінулі сама меней пяць чалавек, а таксама былі зьнішчаныя ўраджай і маёмасьць.
Афганістан, асабліва ў горным масіве Гіндукуш, часта пакутуе ад землятрусаў. Вялікая колькасьць ахвяр адбываецца праз нізкія будаўнічыя стандарты, аддаленасьць месцаў і цяжкасьці з наданьнем дапамогі пацярпелым.
Форум