«Найглыбейшыя спачуваньні» ўсім ахвярам начных атак на Ўкраіну і Кіеў у ноч на 31 ліпеня, а таксама сем’ям, якія страцілі сваіх блізкіх, выказала дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская на дыскусіі «Перасьлед праваабаронцаў у Беларусі» ў Хэльсынкі.
Форум арганізавалі фінскі і нідэрляндзкі Хэльсынскія камітэты ў рамках канфэрэнцыі АБСЭ Helsinki+50.
«Гэты тэрор ня можа быць апраўданы. Расея павінна быць спыненая. Сёньня і заўсёды — мы ўсе на баку Ўкраіны», — сказала Ціханоўская, якую цытуе «Позірк».
Яна падкрэсьліла, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, колькасьць палітвязьняў расьце, людзі паміраюць у турмах. Пасьля выхаду са зьняволеньня яны не знаходзяць сапраўдную свабоду. За імі вядуць назіраньне, часам у іх забіраюць пашпарты, забараняюць выяжджаць за мяжу, фактычна ператвараючы ў закладнікаў ва ўласнай краіне.
Перасьлед уладамі Беларусі непажаданых ім людзей стаў транснацыянальным, падкрэсьліла яна. Актывістам, якія апынуліся за мяжой, адмаўляюць у выдачы пашпартоў і іншых дакумэнтаў, ім пагражаюць сьмерцю, шантажуюць іхныя семʼі, застрашваюць адабраньнем маёмасьці, прызнаюць «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі».
Рэжым перасьледуе актывістаў праз Інтэрпол, дамагаецца міжнародных ордэраў на арышт, адзначыла Ціханоўская.
«Рэжым Лукашэнкі ператварыў краіну ў лябараторыю рэпрэсіяў і тэрору — і мы павінны пакласьці гэтаму канец», — падкрэсьліла яна.
Яна падзякавала ЗША і краінам ЭЗ за салідарнасьць у барацьбе за вызваленьне свайго мужа Сяргея Ціханоўскага.
Падкрэсьліўшы, што яна радая за кожнага вызваленага чалавека, за кожнае выратаванае жыцьцё, Ціханоўская заклікала «быць сумленнымі»:
«Мы ня бачым рэальных зьменаў у палітыцы рэжыму. Замест кожнага вызваленага бярэцца ў закладнікі іншы. Лукашэнка выкарыстоўвае палітычных зьняволеных у якасьці разьменнай манэты, спрабуючы абмяняць іх жыцьці на зьмякчэньне санкцыяў. Але калі рэжым сапраўды гэтага хоча, ён павінен прадэманстраваць рэальныя намеры — пачынаючы з спыненьня рэпрэсіяў і вызваленьня ўсіх ці большасьці палітычных зьняволеных. Пакуль што ніякіх прыкметаў гэтага няма».
Ціханоўская заклікала Захад не аслабляць ціск, пакуль ня будзе відаць рэальных незваротных зьменаў.
«Мы заклікаем АБСЭ быць больш актыўнай у пытаньні беларускіх палітычных зьняволеных. Мы вітаем Маскоўскі і Венскі мэханізмы, запушчаныя апошнімі гадамі, але, як мы бачым, рэжым пакуль ня выканаў ніводнай з рэкамэндацыяў. У 2020 годзе рэпрэсіі былі жорсткімі, але прыкметнымі. Сёньня мы сутыкаемся зь ціхім тэрорам — бязьлітасным, адвольным. Тэрор працягваецца — проста бяз гучных загалоўкаў», — зьвярнула ўвагу палітык.
Яна выказала надзею, што Спэцыяльны трыбунал за злачынства агрэсіі супраць Украіны стане інструмэнтам прыцягненьня да адказнасьці ня толькі расейскіх, але і беларускіх чыноўнікаў, якія садзейнічалі рэпрэсіям і ўдзельнічалі ў ваенных злачынствах Расеі.
Ціханоўская заклікала ЭЗ працягваць моцны ціск на рэжым Лукашэнкі — ня толькі за яго саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны, але і за парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, якія працягваюцца. Яна выказалася за прыняцьце спэцыяльнага пакету санкцый у галіне правоў чалавека, накіраванага супраць адказных за рэпрэсіі і тэрор: пракурораў, супрацоўнікаў КДБ, судзьдзяў і інш.
Таксама Ціханоўская заклікала ўсе ўрады падтрымаць беларускіх праваабаронцаў, праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, якія ў выгнаньні працягваюць дакумэнтаваць злачынствы і дапамагаць ахвярам рэпрэсіяў.
«Мы заклікаем краіны падтрымаць Міжнародную плятформу справаздачнасьці і Міжнародны гуманітарны фонд, створаны нядаўна і ўжо падтрыманы Нарвэгіяй, Швэцыяй, Эстоніяй, Латвіяй, Даніяй, Люксэмбургам і Гішпаніяй. Гэты фонд надае беспасярэднюю дапамогу ахвярам рэпрэсіяў», — сказала Ціханоўская.
Яна запрасіла падтрымаць беларусаў 9 жніўня, у пятую гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў і пачатку масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі іх вынікаў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі, каб нагадаць сьвету пра тое, што адбываецца ў Беларусі, дзе «нелегітымны рэжым трымае ў закладніках усю краіну і больш за тысячу палітзьняволеных».
«Нашае пасланьне такое: мы не здамося, пакуль усе яны ня будуць вольныя! Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб вызваліць іх. Калі ласка, працягвайце стаяць на нашым баку — на баку свабоды. На баку Хэльсынскіх пагадненьняў», — заявіла Ціханоўская.
Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, падчас выступу яна нагадала, што неўзабаве праваабарончы цэнтар «Вясна» адзначыць сваё 30-годзьдзе:
«30 гадоў няспыннай барацьбы і штодзённай цяжкой працы. За гэтую працу заснавальнік „Вясны“ Алесь Бяляцкі быў узнагароджаны Нобэлеўскай прэміяй міру ў 2022 годзе. На жаль, як пісаў Алесь, „людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўленыя яе“. Сёньня ён застаецца за кратамі, адбываючы 10-гадовы тэрмін у лукашэнкаўскай турме. Гэта яго другое турэмнае зьняволеньне — і абодва разы за абарону каштоўнасьцяў Хэльсынскіх пагадненьняў.
Калегі Алеся зь „Вясны“ Ўладзімер Лабковіч, Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч і праваабаронца Наста Лойка таксама ў турме. За дапамогу тысячам беларусаў і абарону іхных правоў».
Ціханоўская пачала трохдзённы візыт у Фінляндыю 30 ліпеня.
У сталіцы гэтай краіны 31 ліпеня і 1 жніўня праходзіць канфэрэнцыя АБСЭ Helsinki+50. Візыт Ціханоўскай арганізаваны з ініцыятывы прэзыдэнта і міністра замежных справаў Фінляндыі.
Як паведамляў «Позірк» з спасылкай на фінскія СМІ, на канфэрэнцыі Helsinki+50 чакаецца прысутнасьць прадстаўнікоў уладаў Беларусі і Расеі (тры і два дыпляматы адпаведна). МЗС Беларусі ўдзелу ў форуме не анансаваў.
Форум