Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першыя клясы ліцэю з вывучэньнем беларускай мовы ў Гайнаўцы запісаліся рэкордна шмат дзяцей


Вучні ў Гайнаўцы. Архіўнае фота
Вучні ў Гайнаўцы. Архіўнае фота

У першыя клясы агульнаадукацыйнага ліцэю з вывучэньнем беларускай мовы ў горадзе Гайнаўка (Падляскае ваяводзтва Польшчы) прынялі рэкордную колькасьць дзяцей — 102.

Пра гэта паведаміў у інтэрвію Польскаму радыё выканаўца абавязкаў дырэктара навучальнай установы Дарыюш Мусюк.

«Усіх, хто хацеў да нас прыйсьці, мы прынялі. Гэта вышэй за мяжу нашых мараў. Спачатку мы думалі пра тры клясы і 50 вучняў. Затым атрымалі дазвол на пашырэньне набору на 24 чалавекі. Прынялі 102 — супэр. Спадзяемся, што вышэйшая арганізацыя пагодзіцца яшчэ на адну клясу, каб дапамагчы ліцэю», — сказаў кіраўнік навучальнай установы.

Паводле Дарыюша Мусюка, у рамках пэдагагічнага экспэрымэнту ўсе першаклясьнікі будуць вывучаць беларускую мову як прадмет, некаторыя іншыя прадметы таксама будуць часткова выкладацца па-беларуску.

Практычна ўсе вучні — жыхары Гайнаўкі і Гайнаўскага павету, адзначыў Мусюк. Першыя клясы набралі ў рамках першага этапу залічэньня. На другім прымаюць дакумэнты ў выпускнікоў пачатковых школ, якія не паступілі ў іншыя сярэднія школы. Для іх, з словаў спадара Мусюка, зарэзэрвавана 21 месца.

У Гайнаўцы жывуць шмат этнічных беларусаў, горад з насельніцтвам каля 20 тысяч чалавек разьмешчаны за 30 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Ліцэй заснаваны ў 1949 годзе як навучальная ўстанова з выкладаньнем па-беларуску.

Другі агульнаадукацыйны ліцэй у Гайнаўцы ў 2018, 2019, 2020, 2022, 2024 і 2025 гадах заняў другое месца ў рэйтынгу сярэдніх школ Падляскага ваяводзтва, піша Позірк.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG