Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне другі тыдзень змагаюцца з наступствамі буры. У дапамогу прыехалі лесарубы зь Берасьця


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі паведамілі аб накіраваньні на дапамогу ў Магілёўскую вобласьць 25 лесарубаў зь Берасьцейскай вобласьці. На 22 ліпеня абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі празь неспрыяльнае надвор’е.

Як адзначаецца ў Telegram-канале ведамства, 21 ліпеня яны пачалі расчышчаць паркі і сквэры ў Магілёўскай вобласьці, а пасьля будуць разьбіраць паваленыя дрэвы на могілках.

Паводле старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатоля Ісачэнкі, найбольшыя праблемы зь ліквідацыяй наступстваў непагадзі паўсталі менавіта на могілках і пад’язных да іх дарогах. У гэтых месцах, сказаў ён, найбольш патрэбная дапамога дасьведчаных лесарубаў.

Магілёўская вобласьць найбольш пацярпела ад прыроднай стыхіі, што абрынулася на Беларусь 9–10 ліпеня.

Захоўваецца аранжавы ўзровень небясьпекі праз залевы

У Беларусі папярэдзілі аб аранжавым узроўні небясьпекі на 22 ліпеня празь некалькі неспрыяльных зьяваў — навальніцы, моцны вецер, залевы, град і сьпёку.

У Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў (МНС) Беларусі папярэдзілі аб магчымых абрывах лініяў сувязі і электраперадачаў, парушэньні энэргазабесьпячэньня, адключэньні электрападстанцыяў, пашкоджаньні і падзеньні канструкцыяў і дрэваў.

Белгідрамэт прагназуе навальніцы з шквалістымі вятрамі ў Берасьці, Віцебску, Горадні, Магілёве і Менску. У Гомлі тэмпэратура паветра дасягне 30 градусаў.

Абмежаваньні на наведваньне лясоў засталіся ў трох раёнах Беларусі

Як вынікае з інтэрактыўнай мапы, разьмешчанай на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, абмежаваньні на наведваньне лясоў захоўваюцца ў трох раёнах Менскай вобласьці — Валожынскім, Слуцкім і Салігорскім. Аднак наведваньні не забароненыя.

На іншай тэрыторыі Беларусі наведваць лясы можна без абмежаваньняў. Пажаранебясьпечная сытуацыя стабілізавалася пасьля таго, як ва ўсіх вобласьцях прайшлі моцныя дажджы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG