Сьледчы камітэт Расеі паведаміў, што «ўстанаўлівае абставіны сьмерці» экс-міністра транспарту Рамана Старавойта. Асноўная вэрсія сьледчых — самагубства.
«Сёньня ў Адзінцоўскай гарадзкой акрузе ў асабістым аўтамабілі знойдзенае цела былога міністра транспарту Расейскай Фэдэрацыі Рамана Ўладзіміравіча Старавойта з агнястрэльным раненьнем», — гаворыцца ў паведамленьні СК Расеі.
Першымі пра гэта паведамілі расейскія тэлеграм-каналы Shot, Mash і 112. Паводле папярэдняй інфармацыі, побач з Старавойтам была знойдзена агнястрэльная зброя.
Старавойт стаў міністрам у траўні 2024 году, да таго ад 2019 году займаў пасаду губэрнатара Курскай вобласьці
4 ліпеня стала вядома, што віцэ-прэзыдэнт расейскай карпарацыі «Транснефть» 62-гадовы Андрэй Бадалаў выпаў у Маскве з акна 17 паверха, хоць жыў на 10-м. Пра здарэньне паведамляла выданьне Baza. Папярэдняя вэрсія сьледзтва — суіцыд. Бадалаў працаваў віцэ-прэзыдэнтам карпарацыі «Транснефть» з 2021 году.
Гэта ня першая падобная сьмерць сярод высокапастаўленых расейскіх бізнэсоўцаў. Асабліва шмат такіх выпадкаў было ў 2022 годзе. Вось толькі некаторыя зь іх.
- Леанід Шульман, кіраўнік транспартнай службы «Газпром инвест» — студзень 2022.
- Аляксандар Цюлякоў, топ-мэнэджар «Газпрому» — люты 2022.
- Уладзіслаў Аваеў, былы віцэ-прэзыдэнт «Газпромбанку», да таго ж забіў жонку і дачку — красавік 2022.
- Сяргей Пратасеня, былы намесьнік прэзыдэнта «Новотек», таксама забіў жонку і дачку — красавік 2022.
- Юрый Воранаў, кіраўнік кампаніі-падрадніка «Газпрому» — ліпень 2022.
- Яўгеній Лабачоў, генэрал-маёр ФСБ у адстаўцы — ліпень 2022.
- Равіль Маганаў, старшыня рады дырэктараў «Лукойлу», загінуў, выпаўшы з акна лякарні ў Маскве — верасень 2022.
- Міхаіл Рагачоў, экс-віцэ-прэзыдэнт ЮКОС — кастрычнік 2024.
- Артур Прахін, кіраўнік Фэдэральнай антыманапольнай службы ў Карэліі — люты 2025.
Паводле падлікаў расейскіх журналістаў сьмерць Бадалава стала 17-й сьмерцю топ-мэнэджараў расейскіх нафтагазавых кампаній з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Форум