Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскі: Нават у СІЗА КДБ я сьпяваў «Муры рухнуць»


Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія на мітынгу ў Варшаве 26 чэрвеня 2025 году
Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія на мітынгу ў Варшаве 26 чэрвеня 2025 году

Першы мітынг Сяргея Ціханоўскага — у цытатах.

26 чэрвеня 2025 году Сяргей Ціханоўскі, вядомы відэаблогер, аўтар праекту «Краіна для жыцьця» і былы палітвязень, сустрэўся зь беларусамі ў Варшаве. Сабралі асноўныя цытаты Сяргея, а таксама палітыкаў і ўдзельнікаў мітынгу.

Сьвятлана Ціханоўская

Дарагія мае беларусы і беларускі, Сяргей на свабодзе — і ён жывы і няскораны.

Сяргей Ціханоўскі

Ведаеце, незадоўга да таго, як мяне ў Горадні затрымалі, там крычалі: „Ці-ха-ноў-скі!“

Каму трэба дзякаваць за тое, што я апынуўся на свабодзе? Некаторыя кажуць, Дональду Трампу. Розныя ёсьць вэрсіі. Я вам скажу, каму трэба дзякаваць. Толькі вам. Вось толькі вам! Бо калі б ня вашыя намаганьні, то ніхто б ня слухаў і маю жонку. Калі б ніхто ня слухаў маю жонку, то, адпаведна, Дональд Трамп нават ня ведаў бы майго прозьвішча.

Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Сяргей Ціханоўскі
Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Сяргей Ціханоўскі

Да мяне ўжо ад жніўня мінулага году прыяжджалі памочнікі генэральнага пракурора. І далей — агенты КДБ пачынаюць: «Напішы на памілаваньне, і мы цябе выпусьцім». Тры гадзіны ён мяне пераконвае: «Напішы — і ты пойдзеш дадому».

Як я магу напісаць на памілаваньне, калі я не ўчыняў ніколі гэтых злачынстваў? Я б на судзе прызнаў — навошта мне такі велізарны тэрмін? Я не ўчыняў гэтых злачынстваў, я не магу гэта прызнаць. Я не магу здрадзіць сваёй жонцы і не магу здрадзіць вам, тым, хто ў мяне паверыў, хто пайшоў за мной, і асабліва тым, хто быў у ініцыятыўнай групе.

Я кажу: «Ну вы ж разумееце, што вы мяне ні за што трымаеце — увогуле ні за што. Я не ўчыняў ніякага крымінальнага злачынства — увогуле ніякага». «Але ж памятаеш, як ты на 9 траўня арганізоўваў антыпарад у Бабруйску? Калі перакрылі ўвесь Бабруйск, каб ніхто зь іншых гарадоў нават ня ўехаў. І ты тады сказаў такую фразу: „Калі я арганізаваў такое на 9 траўня, уявіце, што я арганізую на 9 жніўня“». Вось і ўсё маё абвінавачаньне.

Давайце ўсе разам яшчэ зробім пэўныя намаганьні, прыцягнем увагу да нашай праблемы, каб і ўсе астатнія палітвязьні выйшлі на свабоду.

Вагі ў мяне напалову менш, але я той самы чалавек. Я хачу, каб вы паверылі ў мяне і зараз.

Калі вы ў мяне паверыце, я абяцаю зрабіць усё, каб мы вярнуліся ўсе ў Беларусь і там былі сапраўдныя, сумленныя, дэмакратычныя выбары.

Сябры, асабіста я зьбіраюся гэты рэжым зламаць, як і той турэмны. І нават калі вы будзеце мне слаба дапамагаць ці зусім ня будзеце дапамагаць, я ўсё роўна буду ламаць гэты рэжым.

Слухайце, у СІЗА КДБ, у «Амэрыканцы», нядаўна крычаў, сьпяваў «Муры рухнуць» і па-расейску, і па-беларуску. У самім КДБ!

Усё падрыхтавана, хлопцы, трэба ціснуць — і мы ўсе выйдзем.

Павал Латушка

(Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня)

Мы зараз знаходзімся ў тым ліку на інфармацыйнай вайне. І мы сапраўды маем вось гэтую зброю — F-35. І гэта Сяргей Ціханоўскі!

Пяць гадоў катаваньняў, інкамунікада, моцных зьдзекаў. І чалавек пасьля пяці гадоў выходзіць з такой энэргіяй! Гэтая энэргія, якая зараджае. Гэта энэргія волі і барацьбы.

У нас ёсьць адзін вораг. І ў нас ёсьць адна радзіма — Беларусь. Вызваліць яе ад ворага — вось у гэтым мы павінны аб’яднацца. І мы чуем, што ён гатовы гэта рабіць. І мы будзем падтрымліваць яго ў гэтым.

Удзельнікі мітынгу

Веру ў тое, што энэргія Сяргея разварушыць усіх беларусаў — тых, якія тут аселі, асыміляваліся. Трэба памятаць, што ў Беларусі засталося яшчэ вельмі шмат людзей, якія сядзяць, гэтага ўсяго ня бачаць, якія страцілі веру.

Уражаньні добрыя, але галоўнае, каб быў вынік. А вынік паглядзім, які будзе… 5 гадоў ужо. Хачу дадому, вельмі хачу дадому ў Горадню, свой любімы каралеўскі горад, самы пратэставы горад Беларусі, які быў у 2020 годзе. Крыўдна за свой горад было, што менавіта ў ім гэтая правакацыя была.

Я не зусім поўная прыхільніца ягоных поглядаў, але, я лічу, любое дзеяньне важнае ў барацьбе супраць рэжыму. Як бы мы ні ставіліся да кожнага з апазыцыйных дзеячаў, мы павінны быць разам, бо толькі разам мы можам перамагчы.

Я вельмі задаволены, што Сяргей выйшаў на свабоду. Мне ўдалося перакінуцца зь ім парай словаў, патрымаць яго за руку. Я заўсёды гатовы яго падтрымліваць. Гэта для мяне прыклад. Каб былі ўсе такія, то мы ўсе даўно перамаглі б.

Я адчуваю эмацыйны пад’ём, як і ўсе навокал. Сяргей, нягледзячы на тое, што яго спрабавалі зламаць, ня страціў свайго стрыжня. Я думаю, ён зарадзіць усіх нас гэтай надзеяй. Мы дакладна пераможам, я гэта сёньня зразумеў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG