Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: Радыё Свабода важнае для Ўкраіны, Беларусі, Малдовы, Грузіі, Армэніі


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію DW адрэагавала на заяву расейскай апазыцыянэркі Юліі Навальнай пра тое, што Эўразьвязу ня варта падтрымліваць Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС). Мэдыякарпарацыя змагаецца за выжываньне пасьля выканаўчага загаду Дональда Трампа пра радыкальнае скарачэньне амэрыканскага замежнага вяшчаньня.

«Магчыма, Радыё Свабода ня важнае для расейскай апазыцыі, але яно важнае для Ўкраіны, Беларусі, Малдовы, Грузіі, Армэніі, і мы ўдзячныя ЭЗ за тое, што яны шукаюць шляхі падтрымаць яго і астатнія мэдыя», — сказала Ціханоўская.

Яна назвала прадстаўнікоў апазыцыйнага руху Расеі «сьмелымі людзьмі», але адзначыла, што погляды расейскіх і беларускіх апазыцыянэраў часам адрозьніваюцца.

«Для нас самае галоўнае, каб расейская апазыцыя прасоўвала тэзы, што Расея пазбавіцца сваіх імпэрыялістычных комплексаў, каб постсавецкія краіны, якія яны дагэтуль, магчыма, лічаць „сваімі“, не адчувалі гэтага расейскага ціску. У нас барацьба за незалежнасьць, у тым ліку ад Расеі», — сказала Ціханоўская.

Яна таксама падкрэсьліла, што беларуская апазыцыя абсалютна падтрымлівае Ўкраіну і яе перамогу ў вайне, бо «ад гэтага залежыць і лёс Беларусі».

Што сказала Навальная пра Радыё Свабода

Юлія Навальная, Ільля Яшын і Ўладзімір Кара-Мурза падчас выступу ў Эўрапейскім Парлямэнце 5 чэрвеня 2025 году
Юлія Навальная, Ільля Яшын і Ўладзімір Кара-Мурза падчас выступу ў Эўрапейскім Парлямэнце 5 чэрвеня 2025 году

5 чэрвеня падчас выступу ў Эўрапарлямэнце Юлія Навальная заклікала эўрапейскіх палітыкаў вылучаць грошы на падтрымку расейскіх мэдыя, якія працуюць у эміграцыі, а не на Радыё Свабода.

«Эўразьвяз вырашыў вылучыць 5,5 мільёна эўра на падтрымку Радыё Свабода. Гэта такая амэрыканская мэдыякарпарацыя, якая піша пра Расею.

І разам з тым — ёсьць мноства клясных расейскіх СМІ, якія тры з паловай гады працуюць у вымушанай эміграцыі, пераадольваючы жахлівае супраціўленьне расейскіх уладаў і пры гэтым захоўваюць і нават нарошчваюць аўдыторыю ўнутры краіны. Размаўляюць зь мільёнамі расейцаў праз усе цэнзурныя бар’еры. Даносяць праўду пра вайну, пуцінскі рэжым. Усе яны зь вялікай цяжкасьцю зараз выжываюць. І для кожнага зь іх важны кожны цэнт.

Як так выходзіць, што Эўразьвяз вырашае падтрымліваць амэрыканскія СМІ, якія працуюць на Расею, а не расейскія? Мне падаецца, гэта можна патлумачыць толькі недахопам дыялёгу.

Бо калі б вы проста спыталіся мяне, Ільлю [Яшына — рэд.], Уладзіміра [Кара-Мурзу — рэд.] — кожны з нас адразу б назваў некалькі важных расейскіх СМІ, якім вельмі патрэбная зараз вашая падтрымка.

І гаворка ня толькі пра мэдыя. Ёсьць праваабаронцы, юрысты, ёсьць грамадзянскія праекты, якія абʼядноўваюць людзей нават цяпер», — сказала Юлія Навальная.

Барацьба Радыё Свабода за выжываньне

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода— незалежная міжнародная мэдыякарпарацыя, чые праграмы на 27 мовах сягаюць штотыднёвай аўдыторыі ў амаль 50 мільёнаў чалавек у 23 краінах.

Юрыдычная барацьба Радыё Свабодная Эўропа з Агенцтвам глябальных мэдыя ЗША (USAGM) цягнецца ад 14 сакавіка, калі Дональд Трамп падпісаў выканаўчы загад, які прадугледжвае скарачэньне USAGM і падкантрольных яму мэдыя — у тым ліку «Голасу Амэрыкі», які, адрозна ад РСЭ/РС, ёсьць фэдэральнай установай — «у максымальна магчымай ступені, адпаведнай заканадаўству».

РСЭ/РС працягвае працу, але мусіла пайсьці на радыкальныя захады эканоміі: сотні супрацоўнікаў адправілі ў вымушаны адпачынак, многія кантракты зь няштатнымі супрацоўнікамі былі скасаваныя, шматлікія праекты паставілі на паўзу.

30 траўня Фэдэральны суд ЗША чарговы раз стаў на бок Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, задаволіўшы трэцяе хадайніцтва ў рамках пазову супраць USAGM і абавязаўшы агенцтва неадкладна пералічыць мэдыякарпарацыі фінансаваньне, прадугледжанае на травень.

«Суд зноў пацьвердзіў, што USAGM абавязана пералічыць нам вылучанае Кангрэсам фінансаваньне. Гэтыя сродкі, пратэрмінаваныя ўжо на месяц, неабходныя для працягу нашай працы ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі і замежнай палітыкі ЗША. Нашы журналісты плацяць занадта высокую цану праз адмову USAGM своечасова выконваць свае абавязаньні», — заявіў прэзыдэнт і генэральны дырэктар кампаніі Стывэн Капус.

У рашэньні суду таксама згадваецца, што Эўрапейскі Зьвяз абвесьціў намер вылучыць 5,5 млн эўра Эўрапейскаму фонду за дэмакратыю, частка якіх у пэрспэктыве можа быць накіраваная РСЭ/РС. Аднак кампанія не чакае паступленьня гэтых сродкаў раней за 30 чэрвеня.

Шэраг іншых эўрапейскіх краінаў заявілі пра вылучэньне тэрміновай падтрымкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG