Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы знайшлі расьліны, якія лічыліся зьніклымі ў Беларусі


Крынічнік несапраўдны (Veronica spuria)
Крынічнік несапраўдны (Veronica spuria)

Пра гэта расказаў на прэс-канфэрэнцыі намесьнік дырэктара ў навуковай рабоце Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі НАН Руслан Цьвірка.

У Беларусі знайшлі дзікарослыя віды расьлінаў, якія называюцца сіт стыгійскі і крынічнік несапраўдны.

Сіт стыгійскі (Juncus stygius) палічылі зьніклым у Беларусі яшчэ 20 гадоў таму. Гэта шматгадовая травяністая расьліна, якая расьце ў балоцістых мясьцінах. Асноўныя пагрозы для віду — глябальнае пацяпленьне і мэліярацыя.

Крынічнік несапраўдны (Veronica spuria) — шматгадовая травяністая расьліна, якая расьце пераважна на сухіх лугах, узьлесках, схілах, часта сустракаецца на пяшчаных глебах. Яна любіць добра асьветленыя месцы, не патрабуе багатай глебы, даволі ўстойлівая да засухі.

Месяц таму іншы супрацоўнік Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі паведаміў пра «катастрафічную сытуацыю» на поўдні Беларусі праз азіяцкага матылька, якога завуць па-навуковаму агнёўка самшытавая. У Маларыцкім раёне каля чыгуначнага вакзалу і прыватных дамоў навукоўцы знайшлі зьнішчаныя ёю высахлыя пасадкі самшыту — вечназялёных хмызьнякоў і дрэваў.

Агнёўка самшытавая — матылёк, які першапачаткова жыў у Японіі, Кітаі і Індыі, дзе колькасьць шкодніка рэгулюецца натуральнымі ворагамі. Але апошнімі дзесяцігодзьдзямі ён пранікае ў краіны Эўропы, дзе яму ніхто не пагражае. У Беларусі першы ачаг агнёўкі самшытавай знайшлі ў 2019-м. Праз два гады матылёк за некалькі дзён зьнішчыў хмызьнякі ў цэнтры Берасьця, іх давялося выкарчаваць.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG