Яны далучацца да рэжыму мабільнага роўмінгу Эўразьвязу 1 студзеня 2026 году.
Гэты рэжым дазваляе карыстальнікам мабільнай сувязі плаціць ва ўсіх краінах Эўразьвязу і Эўрапейскай эканамічнай зоны па тарыфах сваёй роднай краіны, піша карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
Эўразьвяз запрашае краіны-кандыдаты далучыцца да гэтай часткі свайго адзінага рынку ўпершыню ў гісторыі.
Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ў 2022 годзе ўкраінскія ўцекачы ў Эўразьвязе ўжо карысталіся часовымі ільготамі ў роўмінгу, якія з 2026 году стануць пастаяннымі.
Малдова хоць і ня мела такіх ільготаў, але зь мінулага году малдаўскія і эўрапейскія апэратары сувязі добраахвотна зьніжалі цэны.
Украіна ўжо прыняла ўсе патрэбныя законы для пераходу на агульнаэўрапейскі роўмінг. Малдова крыху адстае.
Хоць гэтыя зьмены спадабаюцца спажыўцам, прыбытак мабільных апэратараў Ўкраіны і Малдовы, хутчэй за ўсё, зьменшыцца, як гэта было і ў эўрапейскіх кампаній у 2017 годзе, калі ўводзіўся адзіны роўмінг паміж краінамі Эўразьвязу.
Застаецца адкрытым пытаньне, ці будзе роўмінг распаўсюджвацца на Прыднястроўе і акупаваныя Расеяй тэрыторый Украіны. Калі для Прыднястроўя такая тэхнічная магчымасьць ёсьць, то на Данбасе і ў Крыме для гэтага не засталося патрэбнай украінскай інфраструктуры.
Паміж Беларусьсю і Расеяй размовы пра скасаваньне роўмінгу вяліся з 2017 году. Вясной 2022 году апэратары адмянілі плату за ўваходныя званкі. А сёлета ў сакавіку ўвялі «Камфортныя тарыфы» — больш нізкія, чым раней, але ня гэткія ж, як у роднай сетцы, да таго ж зь лімітамі.
Форум