З чаго ўсё пачалося
Мінулымі выходнымі у сацыяльных сетках зьявіліся відэа з выпускнікамі дзявятых клясаў, якія пасьля іспыту ў гісторыі Беларусі рвалі, палілі, курылі і кідалі ва ўнітаз білеты і дапаможнікі з гісторыі, часта суправаджаючы гэта словамі, якія немагчыма публікаваць.
Трэнд быў апэратыўна перабіты «пакаяльным відэа», на якім двое зьбянтэжаных хлопцаў каюцца ва ўчыненым і ўскладаюць кветкі да манумэнту на плошчы Перамогі ў Менску.
Прычым гэтым разам структура, якая стаяла за пакаяньнем школьнікаў, не была названая. Адрозна ад мінулага разу, калі за непавагу да салюту 9 траўня пакаралі дзяўчат з Магілёва. Тады была падкрэсьлена апэратыўнасьць і магутнасьць міліцыі, судоў і адукацыйнай сыстэмы.
- Дзяўчат паставілі на ўлік у міліцыі.
- Старэйшых за 14 гадоў пакаралі за дробнае хуліганства.
- Бацькоў пакаралі за неналежнае выхаваньне дзяцей.
- Школьніц адвезьлі ў мэмарыял спаленых вёсак і паказалі фільм «Ідзі і глядзі».
Але гэта чамусьці ня мела выніку, зьдзівілася вядоўца рубрыкі «Асьцярожна, правакатары!» на Minsknews Вікторыя Кірычэнка. І гэта пры ўсіх высілках дзяржавы: асаблівым ідэалягічным стаўленьні да гісторыі, маштабных агульнадзяржаўных акцыях, расьсьледаваньнях і парадах.
Яна згадала абурэньне «экстрэмістаў» тым, што гэтую гісторыю зрабілі публічнай. Але «маўчаньне раўназначнае падтрымцы ідыёцкага трэнду».
Кірычэнка задаволена адзначыла, што на «пакаяльным відэа» дзевяціклясьнікі «ўжо не здаюцца такімі крутымі і сьмелымі», і іхныя «вочы апушчаны ўніз».
«Так будзе з кожным, хто ня ўмее вучыцца на чужых памылках», — дадала яна.
Вядоўца прапанавала адправіць гэтых хлопцаў на пераздачу, каб ім прыйшлося «прыкупіць кніжку зь білетамі яшчэ раз і вызубрыць усё на памяць».
Свае варыянты выхаваньня школьнікаў прапанаваў у панядзелак і прапагандыст Грыгорый Азаронак.
«Што трэба зрабіць? Адабраць тэлефон. Але прырода пустаты не трывае. Трэба нешта даць узамен. І Беларусь знайшла гэта.
Аўтамат. Дрон. Бронік і каска. Вайскова-патрыятычныя клюбы ўнутраных войскаў. Днямі новы адкрыўся ў Александрыі — месцы сілы нашага Прэзыдэнта. Усход. Там, дзе сонца і пачатак жыцьця», — напісаў Азаронак.
А «пакаяльныя відэа» ён назваў «цудоўным беларускім мэтадам».
Пры гэтым Азаронак прызнаўся, што сам «парваў і спаліў у свой час кніжку па ангельскай мове». «Тады гэта была проста зьвярыная праява юнага драпежніка, што вырваўся на волю, а цяпер я сабе гэта тлумачу протапатрыятызмам», — напісаў ён.
Форум