Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ 15 чалавек у сьпісе тэрарыстаў. Хто яны? Хроніка перасьледу 9 чэрвеня


Камітэт дзяржаўнай бясьпекі дадаў 15 чалавек у сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», заўважыў праваабарончы цэнтар «Вясна».

  1. Арцём Бігель — вайсковец, завочна асуджаны ў Беларусі па «тэрарыстычных» артыкулах.
  2. Сяргей Бяспалаў — блогер, адміністратар і стваральнік папулярнага Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь». Знаходзіцца за мяжой.

    «КДБ уключыў мяне ў сьпіс асабліва небясьпечных, відаць, за празьмернае пачуцьцё гумару і любоў да праўды. Нагадаю, што завочна мяне ўжо прыгаварылі да 18 гадоў калёніі па цэлым букеце з 10 артыкулаў — ад „распальваньня“ і „паклёпу“ да „змовы з мэтай захопу ўлады Лукашэнкі“. Засталося толькі абвінаваціць у вядзьмарстве — і бінга!» — напісаў ён у сваім фэйсбуку.
  3. Лідзія Гарохава — 30-гадовая жанчына, асуджаная за «заклікі да прычыненьня шкоды Рэспубліцы Беларусь».
  4. Аляксандар Гаршуноў — 45-гадовы праграміст з «Атлянту», якога абвінавацілі ў «закліках да прычыненьня шкоды Беларусі».
  5. Вячаслаў Граноўскі — 26-гадовы добраахвотнік палка Каліноўскага, завочна асуджаны на 12 гадоў за «ўдзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі, экстрэмісцкім фармаваньні і злачыннай арганізацыі».
  6. Ігар Драбышэўскі — палітвязень турмы № 4, асуджаны за «заклікі да мераў абмежавальнага характару».
  7. Ігнат Кірэеў — добраахвотнік палка Каліноўскага, завочна асуджаны на 20 гадоў
  8. Арцём Кухаронак — вэтэрынарны лекар зь Сьмілавічаў, якога абвінавацілі ў «закліках да санкцый» і «садзейнічаньні экстрэмізму». Прысуд невядомы.
  9. Крысьціна Лапкоўская — 29-гадовая мянчанка, якую абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах і распальваньні варожасьці.
  10. Ігар Майсеенка — нядаўна асуджаны на тры гады за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
  11. Анастасія Махамет — добраахвотніца палка Каліноўскага, завочна асуджаная на 18 гадоў.
  12. Ян Мельнікаў — добраахвотнік, які ваюе на баку Ўкраіны з 2014 году.
  13. Дзьмітры Сончык — дальнабойнік, якога затрымалі па вяртаньні ў Беларусь і асудзілі за абразы ўлады, судзьдзі і Лукашэнкі.
  14. Даніла Чыбісаў — студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, якога асудзілі за заклікі да санкцый і спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці.
  15. Алег Ярашэнкаў — мэханік з аўтасэрвісу, якога дзяржаўныя мэдыі называлі «аўтарытэтам з пэўных колаў». Яго асудзілі па цэлым пакеце артыкулаў, у тым ліку і палітычных. Раней ён меў шмат судзімасьцяў за разбой, крадзяжы, згоны, а таксама іншыя злачынствы, пісала «Наша Ніва».

У Віцебску арыштавалі кватэру актывіста

Сьледчы камітэт наклаў арышт на кватэру актывіста Дзьмітрыя Карняенкі ў Віцебску. Дзьмітры, які ўжо некалькі гадоў жыве ў вымушанай эміграцыі, працягвае займацца вырашэньнем камунальных праблем у Воршы і Віцебску.

Яго двойчы прызнавалі ўдзельнікам «экстрэмісцкіх фармаваньняў»: праекту «Хрысьціянская візія» (у красавіку 2025 г.) і ініцыятывы «Народны дэпутат» (у канцы красавіка), паведаміла «Віцебская Вясна».

Мастачку зь Петрыкава абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі

Супраць мастачкі і актывісткі Віялеты Майшук працягваецца «спэцыяльнае вядзеньне» — расьсьледаваньне крымінальнай справы без кантактаў з абвінавачанай, якая знаходзіцца за мяжой з 2020 году.

Першапачаткова яе вінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» за адміністраваньне Telegram-чату «Петриков 97%».

Нядаўна да справы дадалі яшчэ адзін артыкул — публічная абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Цяпер ёй пагражае да сямі гадоў зьняволеньня паводле арт. 361-1 і да чатырох гадоў паводле арт. 368 КК, паведаміла «Гомельская Вясна».

У віцебскім СІЗА трымаюць былога пратэстоўца — імаверна, за здымкі з вакзалу

У віцебскім СІЗА трымаюць 27-гадовага ўраджэнца Воршы Яўгена Бодрыкава. Супраць яго распачата крымінальная справа, найверагодней, за фатаграфаваньне перасоўваньняў вайсковай тэхнікі на вакзале.

Яўген раней быў пераможцам прадметных алімпіядаў па гісторыі, скончыў гістарычны факультэт БДУ.

У 2020 годзе ён быў затрыманы і зьбіты падчас пратэстаў у Менску, трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай, а потым быў аштрафаваны.

У 2022 годзе яго арыштоўвалі на 15 сутак за фота ў майцы з «Пагоняй», паведаміла «Віцебская Вясна».

Выстава карцін палітвязьняў пераедзе з Рыгі ў Дзьвінск

15 чэрвеня а 16:30 ў Дзьвінску (Даўгаўпілс, Латвія), у Інстытуце культуры New East, адкрыецца выстава малюнкаў беларускіх палітвязьняў «Беларусь. Мастацтва за кратамі».

На ёй будуць прадстаўлены работы з галерэі-архіву праваабарончага цэнтра «Вясна», якія выяўляюць «непакорлівасьць» і імкненьне да свабоды.

Гэтая выстава экспанавалася з 9 траўня ў Сейме Латвіі.

У Дзьвінску яе дапоўнілі новымі гісторыямі беларускіх палітвязьняў, сярод якіх Марфа Рабкова, напісала Асацыяцыя беларусаў Латвіі Supolka.

Пасьля цырымоніі адкрыцьця выставы Латвійскі тэатар пратэставай культуры прэзэнтуе свой новы спэктакль «Хрышчаны». Ён прысьвечаны памяці Валянціна Штэрмэра — беларускага палітвязьня, пра сьмерць якога стала вядома ў траўні, паведаміла chayka.lv.

Становішча з правамі працоўных у Беларусі разгледзела Міжнародная арганізацыя працы

На 113-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы, якую штогод арганізуе Міжнародная арганізацыя працы, было разгледжана пытаньне перасьледу працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

7 чэрвеня 2025 году МАП правяла спэцыяльную сэсію, прысьвечаную сыстэматычным парушэньням асноўных правоў працоўных у Беларусі, у тым ліку права на свабоду асацыяцыі, права на арганізацыю і вядзеньне калектыўных перамоваў, паведаміла «Вясна».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG