Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіргізстане завочна асудзілі яшчэ аднаго былога прэзыдэнта — за карупцыю і арганізацыю беспарадкаў


Алмазьбек Атамбаеў, 2019 год
Алмазьбек Атамбаеў, 2019 год

Алмазьбека Атамбаева абвінавацілі ў забойстве, арганізацыі беспарадкаў, пагрозах прадстаўнікам улады, незаконным абарачэньні зброі, перашкодзе сьледзтву, захопе закладнікаў, замаху на забойства, а таксама ў карупцыі.

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Алмазьбек Атамбаеў знаходзіцца за мяжой, таму яго судзілі завочна, паведаміла Кіргіская служба Радыё Свабода.

Летам 2019 году Алмазьбек Атамбаеў адмовіўся ісьці на допыт аб незаконным вызваленьня злодзея ў законе Азіза Батукаева. 7–8 жніўня 2019 году ў вёсцы Кой-Таш недалёка ад Бішкеку адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі Атамбаева і сілавікамі, якія прыехалі, каб даставіць яго на допыт.

Былога прэзыдэнта ўрэшце затрымалі, але падчас сутыкненьняў загінуў 1 чалавек і яшчэ 175 пацярпелі.

Кіргізскі спэцназ штурмуе дом экс-прэзыдэнта Атамбаева
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:45 0:00

Атамбаева абвінавацілі ў

  • забойстве,
  • арганізацыі беспарадкаў,
  • пагрозах прадстаўнікам улады,
  • незаконным абароце зброі,
  • перашкодзе сьледзтву,
  • захопе закладнікаў,
  • замаху на забойства,
  • незаконным набыцьці зямельных участкаў у Кой-Ташы, дзе ён пабудаваў сабе рэзыдэнцыю, і іншых эпізодах карупцыі.

3 чэрвеня суд пакараў яго 11 гадамі і шасьцю месяцамі зьняволеньня, а таксама сканфіскаваў ягоную маёмасьць і забраў дзяржаўныя ўзнагароды.

Атамбаеў быў прэзыдэнтам Кіргізстану з 2011 да 2017 году.

Беспарадкі каля дому Алмазьбека Атамбаева 8 жніўня 2019 году
Беспарадкі каля дому Алмазьбека Атамбаева 8 жніўня 2019 году

Акрамя яго, больш за 7 гадоў зьняволеньня атрымалі былы кіраўнік апарату прэзыдэнта і двое дэпутатаў. Аднаго з прыхільнікаў Атамбаева асудзілі на 5 з паловай гадоў.

3–5 гадоў будуць пад наглядам на выпрабавальным тэрміне былы целаахоўнік і прэс-сакратарка Атамбаева, некалькі дэпутатаў і іншых фігурантаў справы.

У чэрвені 2020 году суд у Бішкеку асудзіў Атамбаева на 11 гадоў і 2 месяцы пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці ў справе аб незаконным вызваленьні Батукаева.

У лютым 2023 году гэты ж суд дазволіў Атамбаеву выехаць на лекаваньне ў Гішпанію. Больш Атамбаеў у Кіргізстан не вярнуўся.

Яшчэ адзін асуджаны былы прэзыдэнт Кіргізстану хаваецца ў Беларусі

Яшчэ аднаго былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева завочна асудзілі на 10 гадоў па справе аб карупцыі.

На радзіме Бакіева абвінавацілі ў цэлым шэрагу злачынстваў і цяпер ён агулам асуджаны ўжо на 30 гадоў зьняволеньня шляхам частковага складаньня пакараньняў у розных абвінавачаньнях.

Бакіева ў выніку рэвалюцыі 7–15 красавіка 2010 году, калі загінулі 87 чалавек, зрынулі, і ён уцёк з Кіргізстану. Цяпер ён разам зь сям’ёй жыве ў Беларусі, атрымаў беларускае грамадзянства. У 2015 годзе ён пабудаваў дом у Менску, які ў 2019 падарыў дачцэ.

Улады Кіргізстану марна патрабуюць яго выдачы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG