Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за год выдалі рэкордна нізкую колькасьць патэнтаў на вынаходзтвы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вынаходніцтва ў Беларусі скацілася да шматгадовага мінімуму.

У 2024 годзе ў Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці (НЦІУ) паступілі 303 заяўкі на выдачу патэнтаў на вынаходзтвы. Гэта мінімальная колькасьць за ўвесь даступны пэрыяд вядзеньня статыстыкі, піша газэта «Белорусы и рынок».

Для параўнаньня, у пасьпяховым 2013 годзе было больш за 1,6 тыс. заявак, гэта значыць у пяць разоў больш. З таго часу вынаходніцкая актыўнасьць штогод зьніжаецца. Такія зьвесткі прыведзены ў гадавой справаздачы НЦІУ.

Падае колькасьць заявак як ад беларускіх, так і замежных вынаходнікаў. Ад іншаземцаў летась пададзена ўсяго 47 заявак, тады як 10 гадоў таму такіх было 160. Большасьць зваротаў падалі расейцы (23).

Колькі заявак ухвалілі?

У 2024 годзе прынята 308 рашэньняў аб выдачы патэнту — гэта больш, чым паступіла заявак. За год Цэнтар зарэгістраваў 280 вынаходзтваў — нягледзячы на падзеньне колькасьці ўдзельнікаў, рэгістрацыя вырасла ў параўнаньні зь мінулым годам.

Што вынаходзілі?

Больш за ўсё вынаходзтваў, якія прэтэндуюць на патэнт, — у галіне хіміі. Агулам галіновая структура выглядае так:

  • хімія — 22% усіх заявак,
  • розныя тэхналягічныя працэсы — 21%,
  • фізыка — 19,5%,
  • задавальненьне жыцьцёвых патрэбаў чалавека — 19%.

Беларусы за год таксама падалі 14 заявак у эўразійскія патэнтавыя структуры. Што тычыцца камэрцыялізацыі вынаходзтваў у Беларусі, то ў 2024 годзе зарэгістравана ўсяго 6 ліцэнзійных дамоваў і 4 дамовы саступкі на вынаходзтвы.

Разам з тым на біржы інтэлектуальнай уласнасьці ў канцы 2024 году былі 642 камэрцыйныя прапановы на вынаходзтвы, што на 67 больш, чым у папярэднім годзе.

Як у іншых краінах?

У 2024 годзе ў Расеі падалі больш за 26 тысяч заявак на вынаходзтвы, краіна апынулася ў дзясятцы сусьветных лідэраў у колькасьці выдадзеных патэнтаў. Аднак апярэджвае ўсіх у гэтай галіне Кітай. За апошнія 20 гадоў узровень патэнтавай актыўнасьці тут вырас у 50 разоў. Цяпер у сярэднім на кожныя 100 млн юаняў, накіраваных на дасьледаваньні і распрацоўкі ўнутры краіны, прыпадае 70 заявак на вынаходзтвы, пададзеных у кітайскае патэнтавае ведамства.

У 2024 годзе ў Міжнародную патэнтавую камісію падалі каля 273,9 тысяч міжнародных заявак на патэнты. Зь іх больш за 70 тысяч прыйшлі з Кітаю. У пяцёрку лідэраў тут таксама ўваходзіць Расея, заўважае выданьне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG