Ведамства выдаліла са свайго тэлеграм-каналу паведамленьне, дзе сьцьвярджалася, што масты абрынуліся з прычны падрыву, і апублікавала новае, дзе выкарыстаная іншая фармулёўка. На гэта зьвярнула ўвагу выданьне «Вот Так».
Аб здарэньні ў Бранскай вобласьці сказана, што «адбылося абвальваньне канструкцыі». У выпадку з Курскай вобласьцю СК паведаміў, што «чыгуначны састаў упаў з пашкоджанага мосту на аўтамабільную дарогу».
Раней СК Расеі паведамляў, што расьсьледуе абрушэньне мастоў у Бранскай і Курскай абласьцях па артыкуле аб тэракце. Пасьля абрынаньня мастоў былі заведзеныя крымінальныя справы па артыкуле аб тэракце (арт. 205 КК РФ). Пра гэта пісаў «Інтэрфакс» са спасылкай на прадстаўніцу СК Сьвятлану Пятрэнку.
Сьцьвярджалася, што масты ў Выгоніцкім раёне Бранскай вобласьці і Жалезнагорскім раёне Курскай вобласьці абрынуліся з прычыны падрыву апор.
Апрача таго, расейскія тэлеграм-каналы 112, Baza, Mash і Shot паведамілі, што днём 1 чэрвеня адбыўся падрыў чыгуначнага пуці на перагоне Унеча-Жэча ў Бранскай вобласьці. У той момант па чыгунцы ехаў пуцявымяральны цягнік. Сьцьвярджаецца, што пацярпелых няма.
Пазьней прэсавая служба Маскоўскай чыгункі пацьвердзіла інфармацыю аб пашкоджаньні шляхоў на ўчастку Унеча — Жэча. Філіял Расейскай чыгункі не ўдакладніў, што стала прычынай пашкоджаньня.
«Рух прыгарадных і пасажырскіх цягнікоў на гэтым участку не ажыцьцяўляецца», — гаворыцца ў паведамленьні.
Канструкцыя аўтамабільнага моста ў Бранскай вобласьці на перагоне Выгонічы — Пільшына абвалілася ўвечары 31 траўня, калі пад ім праходзіў пасажырскі цягнік «Клімаў — Масква», у якім былі 388 чалавек. Загінулі сем чалавек, 71 чалавек пацярпеў.
Акрамя гэтага, абрушыўся чыгуначны мост у Жалезнагорскім раёне Курскай вобласьці, калі па ім ехаў грузавы лякаматыў. Пацярпелі машыніст і два памочнікі.
Форум