Жонка сярэдняга сына Лукашэнкі Дзьмітрыя Ганна Сялук (Сялук — яе творчы псэўданім) атрымала ўзнагароду ў намінацыі «За ўнёсак у разьвіцьцё эстраднай песьні».
Ганна Лукашэнка (Сялук) ужо двойчы перамагала на конкурсе «Песьня году Беларусі» як найлепшы аўтар словаў — у 2023 і 2024 гадах. Яна напісала тэксты такіх кампазыцыяў, як «Ах, Александр», «Бульба-дэнс», гімн Генэральнай пракуратуры «Хранители права» і песьня да «Дня народнага адзінства», а перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2025 году арганізавала кампанію агітацыі за Лукашэнку пад назвай «Маратон адзінства». Яна генэральная прадусарка «Музычнай мэдыякампаніі», зарэгістраванай у ліпені 2022 году пад адрасам, які супадае з адрасам Палацу Рэспублікі.
У намінацыі «Выканаўца году (жаночы вакал)» пераможцай абвясьцілі лейтэнанта міліцыі Ганну Благаву, салістку аркестру Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму. З 2020 году яна выконвае песьні Ганны Сялук (Лукашэнкі).
У мужчынскай намінацыі «Выканаўца году» перамог сьпявак Руслан Аляхно, які адкрыта падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне. Так, у адным з інтэрвію ён казаў, што лічыць Лукашэнку бацькам, а з 2022 году дзевяць разоў езьдзіў на Данбас, дзе падтрымліваў канцэртамі расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Ўкраіне.
«Песьняй году» назвалі кампазыцыю «Не предавай» у выкананьні Вікторыі Алешкі, аўтарка словаў да якой — Ганна Сялук.
Для праўладнага сьпевака Аляксандра Саладухі прыдумалі адмысловую намінацыю «Ён такі адзіны».
«Найлепшым аўтарам музыкі» назвалі ўдзельніка праўладнага гурту Аura Яўгена Алейніка, аўтара галоўнай кампазыцыі «Маратону адзінства» ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2025 году — «Время выбрало нас».
«Найлепшай аўтаркай словаў» стала Юлія Быкава, салістка Аura і аўтарка тэксту той самай песьні «Время выбрало нас».
«Дуэтам году» назвалі Леру Бернатовіч і Арцёма Скароля. На канцэрце яны выканалі песьню «Код ДНК», словы да якой таксама напісала Ганна Сялук.
Алену Ланскую ўзнагародзілі ў намінацыі «Найлепшы музычны кліп», «Гуртам году» назвалі Cosa Nostra, «Найлепшым радыёвыканаўцам» — Насту Краўчанку, «Адкрыцьцём году» — Nevika, перможцам у намінацыі «Стыль» сталі Тэа і Вольга Рыжыкава.
Форум