Навучальная ўстанова лічыць незаконнай спробу Белага дома пазбавіць унівэрсытэт фэдэральных грантаў і кантрактаў у выпадку невыкананьня шэрагу патрабаваньняў, прад’яўленых адміністрацыяй Трампа.
У пазове ўнівэрсытэта ўтрымліваецца просьба не дапусьціць уступленьня ў сілу распараджэньня аб замарожваньні фэдэральнага фінансаваньня.
Унівэрсытэт называе яго «незаконным рашэньнем, якое выходзіць за межы паўнамоцтваў ураду». Ён абвінавачвае адміністрацыю Трампа ў парушэньні першай папраўкі да Канстытуцыі, фэдэральных законаў і папярэджвае, што страта дзяржаўнага фінансаваньня нэгатыўна адаб’ецца на дасьледаваньнях у галіне мэдыцыны, стварэньня новых прэпаратаў.
Больш за тыдзень таму адміністрацыя Трампа абвясьціла пра прыпыненьне фэдэральнага фінансаваньня Гарвардзкага ўнівэрсытэта на суму 2,2 мільярда даляраў, абвінаваціўшы яго ў парушэньні законаў аб грамадзянскіх правах і недастатковай барацьбе з праявамі антысэмітызму. Яна запатрабавала ад кіраўніцтва Гарварда правесьці сурʼёзныя рэформы сыстэмы найманьня на працу, прыёму студэнтаў, кіраваньня ўнівэрсытэтам, адмовы ад так званай пазытыўнай дыскрымінацыі ў абмен на аднаўленьне фінансаваньня.
Прэзыдэнт унівэрсытэта Алан Гарбэр заявіў, што адмаўляецца выконваць гэтыя патрабаваньні. Пазьней зьявілася інфармацыя пра магчымае замарожваньне яшчэ 1 мільярда даляраў і пазбаўленьне ўнівэрсытэта статуту некамэрцыйнай арганізацыі, які вызваляе яго ад выплаты фэдэральных падаткаў.
«Урад ня змог указаць на рацыянальную сувязь паміж занепакоенасьцю з нагоды антысэмітызму і мэдыцынскімі, навуковымі і іншымі дасьледаваньнямі, якія будуць замарожаныя. Гэтыя дасьледаваньні накіраваныя на выратаваньне жыцьця амэрыканцаў, гарантаваньне бясьпекі Амэрыкі, падтрыманьне ролі Амэрыкі як лідэра ў галіне інавацыяў», — гаворыцца ў пазове.
Белы дом у заяве ў адказ абвінаваціў унівэрсытэт у тым, што грошы падаткаплатнікаў расходуюць на вялізныя заробкі бюракратычнага апарату.
«Дзяржаўнае фінансаваньне — гэта прывілей. Унівэрсытэт ня выканаў мінімальных умоваў, неабходных для доступу да гэтага прывілею», — падкрэсьліла прадстаўніца Белага дома.
Адміністрацыя Трампа прадʼявіла падобныя патрабаваньні і прыпыніла фінансаваньне яшчэ некалькіх унівэрсытэтаў, у тым ліку Прынстанскага і Калюмбійскага. Гарвард стаў першым, хто падаў у суд.
Форум