На 10 красавіка ў Беларусі абʼявілі аранжавы ўзровень небясьпекі, у многіх раёнах краіны і ў Менску чакаецца ўзмацненьне паўночна-заходняга ветру парывамі 15−20 м/с, паведамілі ў Белгідрамэце.
Паводле прагнозаў сыноптыкаў, сёньня ў Беларусі будзе воблачна з праясьненьнямі, на большай частцы тэрыторыі кароткачасовы сьнег, мокры сьнег. На асобных участках дарог галалёд. Вецер паўночна-заходні 5−10 м/с, парывы да 14 м/с, у многіх раёнах 15−20 м/с. Максымальная тэмпэратура паветра днём ад −1 да +5°С.
На фоне непагадзі работнікі МНС Гомельскай вобласьці за содні двойчы выцягвалі з бруду машыны хуткай дапамогі, якія захрасьлі. Увечары 9 красавіка «хуткая» захрасла ў вёсцы Гута Рагачоўскага раёна, а ў 0.48 ночы 10 красавіка 0.48 ў падобнай сытуацыі апынуўся аўтамабіль мэдыкаў у вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёну. У абодвух выпадках ратавальнікі выцягнулі машыны на дарогі, ніхто не пацярпеў.
У МНС Беларусі таксама папярэдзілі пра неспрыяльнае надворʼе і наступныя фактары небясьпекі 10 красавіка: перабоі з электрычнасьцю, абрывы лініяў сувязі і электраперадачы, зьніжэньне бачнасьці на дарогах, цяжкасьці ў руху транспарту і рост імавернасьці аварыяў, падзеньне дрэваў, абурваньне слаба ўмацаваных канструкцыяў, дахаў будынкаў, рызыку траўмаў для людзей.
- Пасьля цёплага пачатку месяца і рэкордаў цяпла на асобных мэтэастанцыях Беларусі 3 і 4 красавіка ў краіне істотна пахаладала, сыноптыкі некалькі дзён аб’яўлялі аранжавы ўзровень небясьпекі. У краіне прайшлі дажджы і сьнегапады з парывамі моцнага ветру. Паводле Міністэрства энэргетыкі, 6−7 красавіка непагадзь парушыла забесьпячэньне электраэнэргіяй больш чым у 840 паселішчах.
- Толькі 6 красавіка складаныя ўмовы надворʼя ў Беларусі сталі прычынай зьнікненьня сьвятла ў больш як 650 паселішчах, найбольш пацярпелі Менская і Магілёўская вобласьці. У Менскай вобласьці зь вечара 5 красавіка безь сьвятла часова заставаліся больш як 230 паселішчаў, найбольш пацярпелі Пухавіцкі і Слуцкі раёны. У Магілёўскай вобласьці перабоі з электраэнэргіяй былі на 355 трансфарматарных падстанцыях, у 128 паселішчах, на 15 малочнатаварных фэрмах і ў 5 кацельнях. У Магілёве зафіксавалі гурбы сьнегу вышынёй да 25 сантымэтраў. У Бялыніцкім, Бабруйскім, Клічаўскім, Круглянскім, Магілёўскім і Асіповіцкім раёнах паваліла дрэвы. З прычыны падзеньня дрэваў на чыгуначныя рэйкі цягнікі на маршруце Асіповічы — Магілёў ішлі з спазьненьнем да гадзіны.
- 7 красавіка ў Белгідрамэце паведамілі, што сьнег, мокры сьнег і галалёд пратрымаюцца яшчэ 8 і 9 красавіка і таксама абʼявілі аранжавы ўзровень небясьпекі на гэтыя дні.
- У МНС нагадалі беларусам, што ў непагадзь лепш устрымацца ад паездак на аўтамабілі бяз крайняй патрэбы, а праходзячы паўз будынкі, на дахах якіх сабралася шмат сьнегу, трэба пільна зважаць, а лепш наагул іх абыходзіць. Таксама лепш абмежаваць выхад на вуліцу пажылых і хворых, таксама малалетніх дзяцей без суправаджэньня дарослых. Палячы ў печы, трэба выконваць правілы пажарнай бясьпекі; не карыстацца самаробнымі электранагравальнымі прыладамі.
Форум