Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве на вайсковую службу ў пэрыяд з 1 красавіка па 15 ліпеня. Гэты прызыў — самы маштабны за апошнія 14 гадоў.
Увесну 2025 году на праходжаньне вайсковай службы плянуюць прызваць 160 тысяч чалавек (на 10 тысяч чалавек больш, чым летась). З 2024 года ў расейскае войска прызываюць грамадзян ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў.
Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што прызыўнікоў ня будуць накіроўваць на акупаваныя тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны.
Апавяшчаць аб прызыве будуць папяровымі позвамі, а электронныя будуць накіроўваць у асабісты кабінэт ў сістэме «Дзяржпаслугі». Электронная позва будзе лічыцца ўручанай па заканчэньні 7 дзён з даты яе разьмяшчэньня ў рэестры, незалежна ад таго, ці прачытаў яе адрасат.
Як падлічыла выданьне The Moscow Times, гэта прызыўная кампанія стане найбуйнейшай за апошнія 14 гадоў. Большая колькасьць навабранцаў апошні раз была зафіксаваная ў Расеі ў 2011 годзе, калі Мінабароны прызвала 203 тысячы чалавек. Ужо восеньню таго ж году прызвалі толькі 135 тысяч чалавек. З 2012 году колькасьць навабранцаў падчас вясновых і восеньскіх прызываў у Расеі не перавышала 155,5 тысячы чалавек.
Вясной 2021 году ў расейскае войска накіравалі 134 650 чалавек, а восеньню таго ж году — 127 500. У 2022 годзе, у першы год поўнамаштабнай вайны з Украінай, вясной на службу накіравалі 134 500 прызыўнікоў, восеньню — 120 000. У 2023 годзе вясной у расейскае войска прызвалі ўжо 147 тысяч, а восеньню — 130 тысяч. У 2024 годзе гэтая дынаміка працягнулася: вясновы прызыў склаў 150 тысяч чалавек, восеньскі — 133 тысячы.
- У верасьні 2024 году Пуцін у трэці раз з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны павялічыў штатную колькасьць расейскага войска — да 1 мільёна 500 тысяч чалавек.
- У лютым 2022 году штат вайскоўцаў у расейскім войску складаў 1 млн 13 тысяч чалавек, у жніўні 2022 году яго павялічылі да 1 млн 150 тысяч, у сьнежні 2023 года — да 1 млн 320 тысяч.
Форум