Раённы суд Кішынёва часткова задаволіў запыт пракуратуры і арыштаваў кіраўніцу малдоўскай Гагаускай аўтаноміі Яўгенію Гуцул на 20 дзён. Абарона паабяцала аспрэчыць рашэньне суду.
Як расказаў журналістам пракурор Адрыян Скутару, абвінавачаньні Гуцул выставілі паводле чатырох артыкулаў: нелегальнае фінансаваньне кампаніі выбараў на пасаду кіраўніка Гагаузіі ў 2023 годзе, фальсыфікацыя дакумэнтаў, фальсыфікацыя дэклярацыяў, фальсыфікацыя справаздачаў аб фінансаваньні кампаніі.
Адвакат Гуцул Сэрджу Марару заявіў, што абвінавачаньні, выстаўленыя Гуцул, можна прадʼявіць любому канкурэнту на выбарах, бо кандыдаты ня ведаюць, хто і ў якім абʼёме робіць ахвяраваньні, а таксама не займаюцца справаздачамі. Супраць Гуцул малдоўскае сьледзтва адкрыла дзьве крымінальныя справы: аб незаконным фінансаваньні сваёй палітычнай дзейнасьці (аб увозе грошай з Расеі) і аб удзеле ў арганізацыі пратэстаў у Кішынёве ў 2022 годзе.
Гуцул усе абвінавачаньні адпрэчвае. Учора яна паведаміла, што ёй нібыта прапаноўвалі закрыць крымінальную справу за сыход з пасады. Таксама, з словаў Гуцул, яе прасілі даць ілжывыя паказаньні аб дзейнасьці партыі «Шор», якая вылучыла яе на пасаду кіраўніка Гагаузіі.
Затрыманьню кіраўніцы Гагаузіі папярэднічала заява Антыкарупцыйнай пракуратуры Малдовы аб завяршэньні падання доказаў у справе аб незаконным фінансаваньні партыі «Шор» у дачыненьні да Гуцул і сакратара партыі Сьвятланы Папан.
У 2024 годзе Гуцул унесьлі ў свае санкцыйныя сьпісы ЗША і Эўразьвяз. Улады ЭЗ лічаць, што яна і яшчэ некалькі гагаускіх палітыкаў дэстабілізуюць сытуацыю ў Малдове.
Гагаузія — аўтаномны рэгіён Малдовы, населены гагаузамі. Яна традыцыйна выступае за збліжэньне з Расеяй і супраць палітыкі Кішынёва ў пытаньнях інтэграцыі з ЭЗ.
Форум