У сваю чаргу на месца намесьніка кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ўзгодненая кандыдатура Ігара Сякрэты, які раней быў начальнікам упраўленьня зьнешняй палітыкі Адміністрацыі прэзыдэнта.
На гэтую пасаду перайшоў Дзьмітрый Мірончык — былы прэсавы сакратар МЗС, амбасадар у Швэцыі і Нарвэгіі па сумяшчальніцтве ў 2018–2024 гадах, пасьля — начальнік галоўнага ўпраўленьня Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі МЗС.
Амбасадарам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Кувэйце па сумяшчальніцтве прызначаны Ігар Белы (раней быў паслом у ПАР), амбасадарам у Малдове — Анатоль Бубен (экс-дырэктар свабоднай эканамічнай зоны «Менск»), амбасадарам у Бразыліі, а таксама Парагваі і Ўругваі па сумяшчальніцтве — Андрэй Андрэеў (генэральны консул у Шанхаі ў 2020–2025 гадах).
Ствараючы дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Ватыкане, Беларусь «зыходзіць з таго, што гэта дазволіць умацаваць яе пазыцыі» ў многіх краінах, заявіў Юрый Амбразевіч пасьля свайго прызначэньня амбасадарам пры Сьвятым Пасадзе.
Паводле яго слоў, гаворка аб дзяржавах Лацінскай Амэрыкі, Афрыкі, а таксама «ў дачыненьні да працы з грамадзкімі элітамі, дзяржаўнымі элітамі эўрапейскіх дзяржаў і дзяржаў Паўночнай Амэрыкі ў той частцы, дзе каталіцкая рэлігія мае магчымасьць уплываць на іх падыходы».
«Ватыкан і асабіста папа рымскі валодаюць у сьвеце велізарным аўтарытэтам і значным уплывам на грамадзтва і эліты цэлага шэрагу дзяржаў, дзе каталіцкая рэлігія мае традыцыйна сур’ёзны ўплыў на мэнталітэт, на сьветапогляд людзей, на чалавечыя каштоўнасьці», — сказаў Амбразевіч. Таму, адзначыў дыплямат, яго прызначэньне будзе спрыяць «набыцьцю сяброў і празь іх магчымасьці — адстойваньню нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку ў сфэры зьнешняга гандлю і прыцягненьня зьнешніх інвэстыцый».
25 сакавіка на падставе рашэньня папы рымскага Францішка новым апостальскім нунцыем у Беларусі стаў 49-гадовы Ігнацыё Чэфаліа.
Незадоўга да гэтага, 13 сакавіка, Лукашэнка, віншуючы Францішка з 12-й гадавінай пантыфікату, заявіў, што супраца Менску і Ватыкану пасьпяхова разьвіваецца. Ён выказаў меркаваньне, што з адкрыцьцём у 2025 годзе амбасады Беларусі пры Сьвятым Пасадзе гэтыя стасункі дасягнуць «якасна новага ўзроўню».
У сьнежні 2024 году Савет міністраў пастанавіў адкрыць амбасаду Беларусі пры Сьвятым Пасадзе да 1 верасьня 2025-га.
Форум