Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, хто стаў апостальскім нунцыем у Беларусі


Сабор сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл) у Менску. Ілюстрацыйнае фота.
Сабор сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл) у Менску. Ілюстрацыйнае фота.

Апостальскім нунцыем у Беларусі стаў 49-гадовы Іньяцыё Чэфалья. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» з спасылкай на прэсавую службу Ватыкану.

Адпаведны дакумэнт падпісаў 25 сакавіка папа Рымскі Францішак, адначасова прысвоіўшы дыплямату сан архібіскупа.

Новы прадстаўнік папы Рымскага ў Беларусі нарадзіўся ў Палерма (Італія) 28 красавіка 1975 года. Прэсьбітэрскае пасьвячэньне атрымаў 6 жніўня 2003 году. Быў накіраваны ў дыяцэзію П’яна-дэльі-Альбанезі. Вывучаў кананічнае права. Дыпляматычную службу пачаў у 2006 годзе.

Ён працаваў у апостальскіх нунцыятурах у Эквадоры, Тайляндзе, сталай місіі пры Радзе Эўропы ў Страсбургу, сэкцыі дачыненьняў зь дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыяту Ватыкану і да апошняга часу — у Вэнэсуэле.

Пасада нунцыя ў Беларусі заставалася вакантнай з 28 чэрвеня 2024 году, калі яе пакінуў архібіскуп Антэ Ёзіч, прызначаны дыпляматычным прадстаўніком Папы ў Грузіі і Армэніі.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 13 сакавіка Папу Францішка з 12-й гадавінай пантыфікату, выказаў думку, што супрацоўніцтва Менску і Ватыкану пасьпяхова разьвіваецца.

На яго думку, з адкрыцьцём у 2025 годзе амбасады Беларусі пры Апостальскай сталіцы гэтыя адносіны дасягнуць «якасна новага ўзроўню».

Дыпляматычныя адносіны паміж беларускай дзяржавай і Ватыканам былі ўстаноўленыя 11 лістапада 1992 году. З таго ж году ў Беларусі дзейнічае дыпляматычнае прадстаўніцтва Ватыкану — апостальская нунцыятура.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і касьцёлу ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія ярархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія адбываліся падчас масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на карысьць Лукашэнкі.

З пачатку восені 2020 году да 7 сакавіка 2025 году, паводле зьвестак ініцыятывы «Хрысьціянская візія», з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуліся 32 прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

«Позірк» адзначае, што беларускія ўлады спрабуюць прадэманстраваць нармалізацыю адносінаў як з касьцёлам у Беларусі, гэтак і з сусьветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі аб блізкасьці пазыцый Менску і Ватыкану. Шэраг экспэртаў мяркуюць, што рэжым выкарыстоўвае кантакты з Апостальскай сталіцай для наладжваньня дыялёгу з Захадам у цэлым.

Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан. У красавіку 2009 году ён сустракаўся з Папам Бэнэдыктам XVI, у траўні 2016 году — з Францішкам.

17 сьнежня 2024 года Лукашэнка, віншуючы Францішка з 88-годзьдзем, чарговы раз запрасіў яго наведаць Беларусь. Аднак фактычна кіраўнік Апостальскай сталіцы ня можа прыехаць з прычыны негалоснага правіла: Папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфэсія ці рэлігія, бяз згоды адпаведнага рэлігійнага лідэра. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасьцю, размова аб патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылу. Прадстаяцель Расейскай праваслаўнай царквы згоду на візыт Папы не даваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG