Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цэнтар правоў чалавека» пры ААН прэзэнтаваў даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі


Алея сьцягоў у эўрапейскай штаб-кватэры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый падчас пасяджэньня Рады правоў чалавека ў Жэнэве, Швайцарыя. Архіўнае фота
Алея сьцягоў у эўрапейскай штаб-кватэры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый падчас пасяджэньня Рады правоў чалавека ў Жэнэве, Швайцарыя. Архіўнае фота

Дакумэнт падрыхтавалі некалькі незалежных экспэртаў, якія ацэньвалі ўсе акалічнасьці становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

Даклад Групы незалежных экспэртаў аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ўжо апублікавалі на сайце Лічбавай бібліятэкі ААН.

На адмысловай прэс-канфэрэнцыі з гэтай нагоды ў Жэнэве выступілі прадстаўнікі Беларускай групы незалежных экспэртаў Карына Маскаленка, Сьюзан Базыльлі і Маніка Станіслава Платэк.

Кіраўніца Беларускай групы незалежных экспэртаў Карына Маскаленка адзначыла, што група экспэртаў прыйшла да высновы: урад Беларусі дайшоў да вельмі грубых парушэньняў правоў чалавека.

Гэта, сярод іншага, катаваньні зьняволеных, у прыватнасьці з выкарыстаньнем электрашокераў; вэрбальныя і фізычныя зьдзекі з ЛГБТ-пэрсонаў.

Карына Маскаленка, кіраўніца Беларускай групы незалежных экспэртаў ААН па Беларусі
Карына Маскаленка, кіраўніца Беларускай групы незалежных экспэртаў ААН па Беларусі

Таксама Карына Маскаленка адзначыла, што тысячы беларусаў пакінулі краіну празь перасьлед.

Улады Беларусі, як выявілі экспэрты ААН, шырока выкарыстоўваюць сыстэму відэасачэньня, каб перасьледаваць нязгодных.

Ад імя групы экспэртаў Карына Маскаленка заклікала да расьсьледаваньня злачынстваў і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых.

Раней у межах 58-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН прайшоў інтэрактыўны дыялёг, у межах якога група незалежных экспэртаў прэзэнтавала даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і расказала пра сваю дзейнасьць.

Як адзначыла старшыня групы незалежных экспэртаў Карына Маскаленка, улады Беларусі не супрацоўнічалі з групай: не адказвалі на запыты аб доступе ў краіну і пра інфармацыю аб месцах няволі. Экспэрткі склалі мапу ўсіх месцаў няволі ў Беларусі, у якіх парушаюцца правы чалавека. Яны таксама рыхтуюць індывідуальныя біяграфіі асобаў, найбольш вінаватых у парушэньнях правоў чалавека.

У межах дыялёгу з прамовамі выступілі шэраг прадстаўнікоў краін, большасьць якіх выказаліся за працяг дзейнасьці групы незалежных экспэртаў.

Юрыст ПЦ «Вясна» Павал Сапелка адзначаў, што інтэрактыўны дыялёг — важная падзея, якая паказала сытуацыю ў Беларусі і яе ацэнкі з гледзішча міжнароднага права: згодна з апублікаваным дакладам, урад Беларусі зьдзейсьніў шырокамаштабныя парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні цывільнага насельніцтва,гэта частка жорсткіх захадаў дзеля здушэньня ўсякай апазыцыі праўленьню Лукашэнкі. Некаторыя з зафіксаваных парушэньняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Раней гэтая праца праводзілася пад мандатам Высокага камісара ў правах чалавека ў межах разгляду становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году.

Сёлета ў канцы лютага Высокі камісар у правах чалавека Фолькер Цюрк атрымаў ад МЗС Беларусі прапанову наведаць Беларусь. «Вясна» падтрымала пазыцыю беларускіх дэмакратычных сілаў, якія заклікалі Высокага камісара наведаць Беларусь, надаўшы асаблівую ўвагу ў цэлым становішчу з палітвязьнямі і ўмовам іх утрыманьня, асабліва — палітвязьням, якія знаходзяцца ў стане інкамунікада і ў групе рызыкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG